21 Дек

    У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў канцэрт харэаграфічнай студыі “Сунічкі”, якой сёлета споўнілася тры гады.

    Канцэртная праграма ўключала ў сябе танцавальныя нумары чатырох узроставых груп. Вядучая праграмы – харэограф, рэжысёр-пастаноўшчык танцавальных нумароў – Людміла Хрысценка павітала гасцей, а прадстаўнікі ад кожнай групы пажадалі «Сунічкам» усяго найлепшага.

    Павіншаваць харэаграфічную студыю прыйшлі і навучэнцы адзінаццатых класаў, якія займаюцца ў Людмілы Анатольеўны. Яны паказалі некалькі «па» для малодшых сяброў.

    У гледачоў была унікальная магчымасць акунуцца ў свет танца, музыкі, запальных рытмаў, творчасці і натхнення. Яны былі захоплены выступленнем дзяцей.

    Са словамі віншаванняў да «Сунічак» звярнуўся Васіль Шыцько, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Ён пажадаў кіраўніку і выхаванцам харэаграфічнай студыі творчых поспехаў, цярпення, добрага настрою. Прыемным момантам  стала ўзнагароджанне граматай ад Дятлаўскага райвыканкама і салодкімі падарункамі.

    У святочнай праграме таксама прынялі ўдзел юныя артысты тэатральнай студыі “Мелодыя душы” пад кіраўніцтвам Івана Каско.