100-гадовы юбілей – цэлая эпоха

Ясным ліпеньскім днём, шчодрым на сонейка і цеплыню, па ваколіцах вёскі Мядзвінавічы разліваліся вясёлыя мелодыі віншавальных песень.

Усе яны 21 ліпеня гучалі для мясцовай юбіляркі Валянціны Белавус, працавітай, добрай жанчыны, якая сустрэла свой соты дзень нараджэння.

100-гадовы юбілей – цэлая эпоха, а для невялікай вёсачкі – адметная падзея, якая сабрала каля хаты імянінніцы самых родных, блізкіх, любімых людзей. Зноў галасамі ўнукаў-праўнукаў напоўнілася наваколле і ад гасцей было цесна і весела на “апранутым” у зеляніну і кветкі падворку. Яго сярод іншых вясковых можна было пазнаць па прыпаркаваных аўтамабілях і “гронцы” паветраных шароў з віншаваннем для Валянціны Гаўрылаўны.

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, што рэалізуецца ў нашым раёне сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, “жывую музычную паштоўку” 100-гадовай юбілярцы прывезлі артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Іван Кашко, таксама з самымі шчырымі і цёплымі словамі пажаданняў да іх далучыліся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка і старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар. Імянінніцы зычылі светлых дзён, моцнага здароўя, дабрабыту і душэўнага спакою, клопату блізкіх людзей і “пабіць” сусветны рэкорд доўгажыхарства.

Валянціна Гаўрылаўна з задавальненнем прымала віншаванні і кветкі, яна не магла надоўга ўседзець на месцы нават для фотасесіі, бо і ў свае 100 захавала рухавасць і ясны розум, а таму заўзята падпявала артыстам, якія выконвалі хіты мінулых гадоў і не забывалася цікавіцца ў блізкіх і знаёмых, ці падабаецца ім на яе свяце. Вось такая гасцінная, уважлівая, мудрая і шчодрая на дабрыню Валянціна Белавус, а таму кожны, хто віншаваў яе ў юбілейны дзень нараджэння, адчуваў радасць у сэрцы.

Ірына СТЫРНІК

Рекомендованные статьи

English EN Russian RU