Марына Лукіянец: “Культработнікі – важнае звяно”

Кожны раён славіцца не толькі сваімі прамысловымі і сельскагаспадарчымі дасягненнямі.

Багацце Дзятлаўшчыны – гэта яшчэ і работнікі культуры, якія ўмеюць гасцей урачыста сустрэць, людзям пасля напружаных працоўных будняў даць якасны адпачынак.

Менавіта яны, заўжды прыгожыя і энергічныя, напаўняюць жыццё дзятлаўчан яркімі фарбамі. Яны з’яўляюцца візітнай карткай раёна на фестывалях і конкурсах, захоўваюць і распаўсюджваюць мясцовыя традыцыі. Увогуле, шмат чаго могуць і ўмеюць нашы любімыя артысты і калектывы. А як і дзе арганізаваць самы правільны адпачынак, напэўна добра ведаюць у аддзеле метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, які ўзначальвае малады перспектыўны кіраўнік Марына Лукіянец.

Кажуць, часта так бывае, што не чалавек выбірае прафесію, а наадварот. Кім яшчэ магла стаць таленавітая, вясёлая, энергічная вучаніца школы № 1 горада Дзятлава, як не работнікам культуры? Колькі сябе помніць, Марына Лукіянец заўсёды стаяла на сцэне: удзельнічала ў правядзенні ранішнікаў і канцэртаў, у конкурсах самадзейнасці. За сваю пазакласную актыўнасць яна нават была ўзнагароджана паездкай у рэзідэнцыю Дзеда Мароза на зімовых канікулах. Аб прафесіі асабліва не задумвалася, пакуль усё не вырашыў выпадак: у школу на ўрок прафарыентацыі ў 11 класе прыйшла знаёмая Марына Шаўчук. З яе лёгкай рукі дзяўчына паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на аддзяленне “рэжысура абрадаў і святаў”. Прыехала на практыку ў роднае Дзятлава і ўжо на выпускным курсе прыйшла працаваць у раённы цэнтр культуры, завочна завяршаючы адукацыю. У 2015 годзе атрымала вышэйшую адукацыю па той жа самай спецыяльнасці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Працавала рэжысёрам, мастацкім кіраўніком і ў выніку ўзначаліла раённы метадычны аддзел Цэнтра культуры.

– Я аналітык, – тлумачыць Марына Лукіянец сэнс сваёй работы. – Мая задача – бачыць патэнцыял культуры раёна і правільна раскрываць яго, вывучаць попыт дзятлаўчан на адпачынак і задавальняць іх культурнымі мерапрыемствамі. Мне даводзіцца ўзаемадзейнічаць з клубнымі ўстановамі ўсёй Дзятлаўшчыны, падказваць ім, накіроўваць.

Каб прафесійнае або брэндавае мерапрыемства прайшло так, як трэба, Марына Уладзіміраўна асабіста абмяркоўвае з арганізатарамі ўсе нюансы: ад выхаду вядучых – да знешняга выгляду дзяўчат, якія будуць выносіць узнагароды.

– На такіх дробязях трымаецца ўся карціна мерапрыемства. Калі недзе ўзнікне паўза ці замінка, градус настрою можа рэзка пайсці ўніз, – дадае яна.

Жанчына кажа, што на масавых мерапрыемствах яна амаль заўсёды побач з артыстамі: сочыць за выхадамі на сцэну па сцэнарыі (да многіх святаў яны напісаны ўласнай рукой Марыны Уладзіміраўны), за работай мікрафонаў, каб усё прайшло як мае быць.

– Ці часта даводзіцца самой стаяць на сцэне і ці падабаецца гэта?

– Не раз выходзіла да гледачоў у ролі вядучай, вельмі люблю выступаць у тэатралізаваных пастаноўках, асабліва на Новы год. Часцей за ўсё іграю герояў антаганістаў, якія ажыўляюць мерапрыемства.

– Бачыце сябе ў ролі спявачкі?

– Зусім не. Заўжды працавала ў размоўным жанры.

– Якая яна, прафесія культработніка?

– Нягледзячы на, здавалася б, бясконцае свята, хлеб артыста і клубнага работніка зусім не лёгкі. Мы працуем на нагах, аддаём сваю энергію тысячам людзей.

– Работнік культуры гэта…

– … не проста работа або спецыяльнасць. Гэта асаблівае звяно ў жыцці грамадства, без якога ўсё рассыплецца, бо клубныя работнікі нясуць людзям не толькі свята. Гэта збіральнікі, захавальнікі мясцовых традыцый, якія мы ўкараняем сярод насельніцтва, займаючыся з дзеткамі ў гуртках, праводзячы брэндавыя мерапрыемствы.

– Вы малады кіраўнік. Адкуль бяруцца вопыт і ідэі?

– Тут дапамагаюць семінары і сустрэчы з калегамі. Напрыклад, сёлета я ў саставе дэлегацыі Гродзенскай вобласці наведвала фестываль вішні ў Віцебскай вобласці. Ён там праводзіцца зусім па-іншаму, чым нашы мерапрыемствы.

– Што б зрабілі, калі б былі дэпутатам?

– Прапанавала б законапраект аб тым, каб работнікі культуры працавалі да 45 гадоў, бо іх павінны бачыць толькі прыгожымі і прывабнымі, каб настрой быў сапраўды святочны.

– Як працуецца ў жаночым калектыве?

– Я не схлушу, калі скажу, што мы адчуваем адна адну на ўзроўні настрою. Мы тут не проста калектыў, мы каманда аднадумцаў, без перабольшвання, працоўная сям’я. Люблю, паважаю сваіх супрацоўнікаў і ведаю, што гэта ўзаемна. Кожны культработнік раёна ведае сваю працу, абавязкі і адказнасць. Творчасць – гэта, безумоўна, палёт, але ў сваіх межах.

– Як сям’я ставіцца да таго, што вы працуеце ў сферы культуры?

– Сын Марцін ганарыцца, кажа: “Мая мама працуе ў Доме культуры”. Муж мірыцца, але не вельмі разумее нюансы маёй работы. Таму стараюся не ўдзельнічаць у вячэрніх мерапрыемствах, а бавіць час з сям’ёй.

– Што пажадаеце работнікам культуры да прафесійнага свята?

– Найперш, берагчы сябе. Ад таго, як мы будзем адпачываць, харчавацца, сачыць за знешнім выглядам, залежыць і поспех у працы, і абстаноўка дома. Жадаю моцнага здароўя і невычэрпнай энергіі, гарэць сваёй справай, але не перагараць.

Калегі – пра Марыну Лукіянец

Таццяна Палуносік:

– Наш шэф – ключ энергіі, ядро нашага калектыву. У нас тут заўжды ярка, цёпла і ўтульна.

Таццяна Дудкіна:

– З такой калегай хочацца хадзіць на працу, бо ведаеш, што тут цябе сустрэне ўсмешлівая, завадная, але разам з тым мудрая кіраўніца.

Таццяна Янушкевіч:

– Марына Уладзіміраўна вельмі дасведчаная ў сваёй працы, перспектыўная. Веру, што ўсё лепшае ў яе наперадзе. Як кіраўнік, яна падкажа, падтрымае, дасць неабходны зарад бадзёрасці.

Дзінара Харошка:

– З радасцю лячу на работу, бо тут прыемна і добры настрой, што, дарэчы, не перашкаджае выкананню нашых абавязкаў. Калі дома на выхадных, пачынаю сумаваць па сваім калектыве.

Ірына Бакшук:

– Разумная, добразычлівая, дасціпная. Акрамя таго, абаяльная і прывабная.

Марына Варган:

– Яна душа кампаніі, вельмі добры, справядлівы кіраўнік. Выконвае свае абавязкі на найвышэйшым узроўні.

Ганна Харлінская:

– Каардынатар ва ўсім – гэта пра нашу Марыну. Вельмі ганаруся, што знаёмая і працую з гэтым чалавекам. Яна розная, умее знайсці падыход да кожнага і вырашыць пытанні спакойна, без шкоды для іншых. Шчыра жадаю ёй кар’ернага росту і поспехаў ва ўсім.

Рекомендованные статьи

Belarusian BE English EN Russian RU