“Разам супраць наркотыкаў”

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў рамках Міжнароднага дня барацьбы з наркаманіяй, які штогод адзначаецца першага сакавіка, прадстаўнікі сектара па рабоце з моладдзю правялі тэматычную сустрэчу “Разам супраць наркотыкаў” з навучэнцамі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

На мерапрыемстве прысутнічалі сацыяльны педагог Дзятлаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Іна Нічыпаровіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віктар Петрукевіч і першы сакратар раённага ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Хлопчыкам і дзяўчынкам расказалі пра згубны ўплыў наркотыкаў на яшчэ неакрэплы арганізм падлеткаў, патлумачылі, чаму моладзь вырашае паспрабаваць тыя ці іншыя наркатычныя сродкі, дзе і як падрастаючае пакаленне часцей за ўсё далучаецца да гэтай смяротнай сумесі.

Віктар Віктаравіч больш падрабязна спыніўся на адказнасці за выраб, захоўванне, распаўсюджванне і ўжыванне наркотыкаў, папярэдзіў навучэнцаў аб вялікіх турэмных тэрмінах за ўяўнае задавальненне. Таксама заклікаў не весціся на хуткі заробак, які прапануецца ў інтэрнэце за вулічныя закладкі наркатычных сродкаў, заўсёды мець сваё меркаванне, не паддавацца волі большасці, нават калі знаходзішся ў кампаніі блізкіх сяброў і не хочаш паказацца “белай варонай” сярод аднагодкаў.

Школьнікі задавалі гасцям пытанні, якія іх цікавяць, дапаўнялі выступленні кожнага ўдзельніка сустрэчы, дзяліліся сваімі думкамі па тэме абмеркавання. Самыя актыўныя атрымлівалі памятныя падарункі. Усю карысную інфармацыю падлеткі замацавалі з дапамогай займальных гульняў. У саставе каманд “Аловак” і “Лінейка” дзеці адказвалі на пытанні вядучай, складалі дэвізы.

Напрыканцы мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі ў пацверджанне салідарнасці ў барацьбе з “формулай смерці” замацавалі на ілюстраваным плакаце папяровыя далонькі “Сказаць наркотыкам НЕ”, якія сімвалізуюць наша маленькае крохкае жыццё, чыстую будучыню і асабісты выбар кожнага.

 

 

Рекомендованные статьи

English EN Russian RU