12 Фев

Летась сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паспяхова рэалізоўваў творчы праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

Праца над ім працягваецца і сёлета.

У мінулым ліпені работнікі культуры і журналісты наведаліся ў вёску Яблынька да яе жыхароў Антона Канстанцінавіча і Марыі  Канстанцінаўны Варганоў. Нагодай было іх брыльянтавае вяселле – 60 гадоў пражылі яны ў шлюбе. І вось зноў прыемная падзея: сёлета гаспадару сядзібы Антону Канстанцінавічу Варгану – 90.

Да юбіляра завіталі не толькі з роспытамі пра сакрэты даўгалецця, але і з віншаваннямі. Музычныя віншаванні падрыхтавалі для яго работнікі культуры Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Марына Варган, Часлаў Свіб. Падарунак ад раённага савета ветэранаў прывезла сакратар ветэранскай арганізацыі Ядзвіга Гушча. Мясцовая гаспадарка – КСУП “Хвінявічы”, дзе Антон Варган працаваў трактарыстам, таксама не засталася ўбаку. Выконваючая абавязкі галоўнага спецыяліста па ідэалагічнай рабоце Ганна Федарэвіч перадала ветэрану працы ад калектыву гаспадаркі пажаданні даўгалецця і падарунак.

Антону Канстанцінавічу жадалі быць такім жа рухавым, бадзёрым, сапраўдным аптымістам і ў соты юбілей, які ён абавязкова павінен прычакаць. Павінен, бо клопатаў у яго на зямлі яшчэ багата.Хоць сваё жыццёвае наканаванне Антон Канстанцінавіч даўно спраўдзіў: дом пабудаваў, сыноў выгадаваў, сад пасадзіў, займеў шасцёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў, але трэба ж і праўнукаў перажаніць! А як жа!

Ганна Харлінская, якая летась віншавала юбіляраў з брыльянтавым вяселлем, прыгадала, з якім яшчэ імпэтам кружыў у польцы юбіляр сваю жонку. Хоць і старэйшы за яе на 12 гадоў. Магчыма, сакрэт даўгалецця Варганоў – і сямейнага, і жыццёвага — менавіта ў тым,што жывуць у згодзе, шануюць адзін аднаго, разам яны і ў радасці, і ў горы.

На жыццёвым шляху юбіляра выпрабаванняў хапала. Нарадзіўся Антон Канстанцінавіч у 1930-м, як кажуць, за польскім часам. З дзяцінства памятае цяжкую вясковую працу, некалі было думаць пра вучобу. Юнацтва прыпала на ваеннае ліхалецце. Было толькі 15 гадоў, калі скончылася вайна. Трэба тады было адбудоўвацца, працаваць ад цямна да цямна.

А вось самымі шчаслівымі гадамі лічыць Антон Канстанцінавіч  Варган шасцідзясятыя. Тады сустрэў-прыкмеціў сваю Марыйку. Пажаніліся і неўзабаве перабраліся з Пушчы Ліпічанскай на сталае жыццё ў Яблыньку.  Марыя працавала даяркай на ферме, а Антон – на трактары. Збудавалі сваю хату, пайшлі дзеці.

Неўпрыкметку прабег час, павырасталі сыны, стварылі свае сем’ і. І вось тады, калі толькі жыць ды радавацца, падпільнавала Варганоў бяда: трагічна на вытворчасці загінуў сын, пакінуўшы малых дзетак сіротамі. Дзеля іх, унукаў, выстаялі-вытрымалі тады  Марыя Канстанцінаўна і Антон Канстанцінавіч.

Бабуля пакінула працу і стала дапамагаць гадаваць-выхоўваць унукаў. Сёння Варганы ганарацца сваімі нашчадкамі– працавітымі, адукаванымі, спагадлівымі.  Ім, унукам, у той цяжкі і складаны час бабуля і дзед сталі сапраўднай апорай, а для нявесткі – падтрымкай.

У Яблыньцы любяць бываць усе: сыны, нявесткі, унукі з сем’ямі. Мясціны вельмі прыгожыя. Цяпер, праўда, ціха тут. Засталіся, лічы, адны пенсіянеры. Але летам вёска ажывае: едуць сваякі-гараджане, каб уволю надыхацца, начаставацца, дапамагчы блізкім.

Да працы ў Варганоў прывучаны і дзеці, і ўнукі. Не будуць сядзець склаўшы рукі. Тым больш, што і бабуля, і дзядуля  яшчэ завіхаюцца па гаспадарцы.  Нават маючы такі шаноўны ўзрост – 90 і 78 гадоў, Антон Канстанцінавіч і Марыя Канстанцінаўна заняты па гаспадарцы. Ёсць агарод, парнік, трымаюць курэй. Пры хаце – сабакі, у хаце – каты. Які-ніякі, а клопат.

Часта дапамагчы бацькам прыязджаюць сыны Анатоль і Юрый, якія жывуць у Дзятлаве і Міры, прывозяць пачастункі. А вось калі ў хаце збіраецца багата родных, частаваннем займаецца бабуля. Умее яна са звычайных прадуктаў прыгатаваць такую смакату, што будзе есці і дабаўку прасіць самы гарадскі пястун.

Варганы – людзі гасцінныя. На мінулым брыльянтавым вяселлі пагуляла і шматлікая радня, і знаёмыя, і аднавяскоўцы.  90-ы дзень нараджэння не меншая нагода павесяліцца – паспяваць, патанцаваць, прыгадаць адметнае, падзівіцца на сучаснае.

Вось, да прыкладу, прырода падкідвае сюрпрызы: нарадзіўся Антон Канстанцінавіч 12 лютага 1930 года ў траскучыя маразы, сумёты былі ў чалавечы рост, а цяпер, праз 90 гадоў, сваё асабістае свята ладзіць з дажджом  і “плюсамі” на тэрмометры. Ну, а соты юбілей, можа, будзе і з пралескамі ў лесе. Няхай і так! Толькі б  гэтых добрых, шчырых людзей не падводзіла здороўе і па жыццёвай дарозе  крочылі яны поруч.