09 Фев

Калісьці Уільям Шэкспір сказаў, што здароўе даражэйшае за золата.

З гэтым выказваннем поўнасцю згодны члены раённага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, якія прынялі ўдзел у праекце “Здаровы лад жыцця – залог сацыяльнай паспяховасці”. Гэты праект, распрацаваны Дзятлаўскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, скіраваны на фарміраванне ў работнікаў адказных адносінаў да свайго здароўя, вядзенне здаровага ладу жыцця. У яго аснову пакладзена ідэя “эстафеты” здаровага ладу жыцця ў выглядзе статуэткі, якая пераходзіць з арганізацыі ў арганізацыю як сімвал здаровага калектыву. Пераняўшы гэту эстафету, работнікі раённай бібліятэкі, дзіцячай школы мастацтваў, музея, Цэнтра культуры, рэдакцыі газеты “Перамога” паказалі, як умацоўваюць сваё здароўе.
Адным з найважнейшых спосабаў падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме яны лічаць заняткі спортам: з задавальненнем пазаймаліся ў трэнажорнай зале, з азартам пагулялі ў валейбол, дартс. Патрэніравалі памяць і лагічнае мысленне, згуляўшы ў шашкі і шахматы. Не толькі для здароўя, але і каб быць стройнымі і прывабнымі, работніцы Цэнтра культуры актыўна наведваюць заняткі па фітнэсе. 
За гэты час усе, хто прыняў удзел у праекце, яшчэ раз упэўніліся, што здароўе – гэта залог доўгага і шчаслівага жыцця, і падтрымліваць свой арганізм у тонусе неабходна пастаянна, а рабіць гэта зусім не цяжка.