14 Июн

Spread the love

“Дамок вокнамі ў сад, дзе чакае матуля” – неслася па Погірах песня пад акардэон.

Уся вёска чула і ведала: адзначае свой юбілей зямлячка, выдатная гаспадыня, маці, бабуля і таленавітая спявачка Марыя Шыдла. Яшчэ на пад’ездзе заўважна простае вясковае жытло гаспадыні – сонечнага колеру дом узорнага парадку. А ў яго пакоях – быццам выстава твораў народных майстроў: саматканыя дываны і ручнікі, сямейнае дрэва з фотаздымкамі, якое падарылі жанчыне дзеці да свята. Прыйшла павіншаваць жанчыну і мясцовы фельчар Ларыса Кучынская, якая строга сочыць за здароўем і бадзёрасцю Марыі Мікалаеўны. За гэтыя гады жанчыны па-сапраўднаму пасябравалі. Пакуль дзеці шчыравалі, збіраючы святочны стол, юбілярка падзялілася з намі аповедам пра мінулае.

Марыя Мікалаеўна тутэйшая, родам з саміх Погіраў. Нарадзілася за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая адабрала ў маленькай дзяўчынкі бацьку. Не дачакалася мужа з фронту гаспадыня хаты, у пасляваенныя гады ёй давялося адной гадаваць дваіх дзяцей. Былі ў сялянскай хаце і голад, і нястача. Пакінуўшы свае дзіцячыя гульні, разам з маці шмат працавалі і дзеці. Спачатку былі клопаты па хатняй гаспадарцы, а як падрасла, Марыя ўладкавалася ў калгас паляводам, завіхалася і на ферме. Здольная да навучання, дзяўчына асвоіла ткацтва, вышыўку, вязанне, навучылася шыць. На ўсю вёску ішла слава пра добрую рукадзельніцу, якая прымала замовы ад аднавяскоўцаў на рамонт і пашыў адзення. Цяжка было жыць, але Марыя заўжды заставалася вясёлай, працавала з песняй, а ў вольны час танцавала з сяброўкамі на вячорках, дзе збіралася ўся вясковая моладзь. Знайшоўся тут і асаблівы хлопец, вясёлы і здатны да музыкі гарманіст Пётр Шыдла, які запаў у сэрца дзяўчыне. З кахання і песні пачалося іх сямейнае жыццё.

Калі ў Погірах адкрыўся клуб, яго загадчыца Аляксандра Шыдла запрасіла ахвочую да песень моладзь да ўдзелу ў самадзейнасці. Так у Погірах утрарыўся песенны калектыў, ля вытокаў якога стаялі Пётр і Марыя Шыдлы.

З тае пары мінулі 42 гады. Многа вады сплыло, пайшлі з жыцця некаторыя ўдзельнікі калектыву. Няшчадная хвароба забрала і самаго Пятра Шыдлу. Але жыццё рухаецца наперад, і жанчыны, якія чатыры дзесяцігоддзі дарылі людзям радасць у песнях, вершах і танцах, прадаўжаюць гэта рабіць. Марыя Мікалаеўна спявае на раённай сцэне як сольна, так і ў саставе калектыву, мае шматлікія ўзнагароды і прызы за сваю творчасць. У юбілейны дзень нараджэння дом узорнага парадку Марыі Шыдла быў поўны гасцей. Павіншаваць юбілярку прыехалі сын з нявесткай з Мінска, прыйшлі сяброўкі-каляжанкі з погіраўскага народнага гурта, завіталі і прадстаўнікі раённага Цэнтра культуры, каб Падзячным лістом і падарункам адзначыць важкі ўклад народнай артысткі ў культуру нашага раёна.

Шмат добрых словаў гучала на адрас юбіляркі і шмат кранальных мелодый. Віншавальную паштоўку ад Цэнтра культуры прывёз Іван Кашко, некалькі песень адрасаваў сваёй любай матулі сын Пётр Шыдла. Галоўнай падзеяй сямейнага свята стала тое, што народны калектыў вёскі Погіры сабраўся амаль у поўным сваім складзе, што апошнім часам здараецца нячаста. Жанчыны ад душы завялі “Праўда, людзі праўда…” і шмат іншых народных песень. Саліравала Марыя Шыдла.