16 Ноя

Хвала рукам, што пахнуць хлебам 

16 лістапада ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Праца цяжкая, але высакародная”, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

У фае Цэнтра ўдзельнікаў свята сустракала тэматычная выстава, пачэснае месца ў экспазіцыях занялі караваі, снапкі і кошыкі з ураджаем-2018.

Харэаграфічнай кампазіцыяй “Жнейкі” людзей працы павіталі ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Сунічкі”.

Са святам рэкардсменаў хлебных ніў і перадавікоў прамысловасці павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік:

Для вас сёння гучаць словы шчырай падзякі. Зямля патрабуе высокай самааддачы, цярпення, упартасці, гаспадарчых адносінаў. Не ведаючы выхадных, вы працуеце, каб на стале ў кожнай сям’і былі прадукты харчавання, каб забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Сёлета вы таксама зрабілі ўсё, каб людзям хапіла зерня, бульбы, агародніны, займаліся вырошчваннем жывёлы, аднаўлялі ворыўныя землі, працавалі ў напружаным рэжыме. Кожны з вас дасягнуў значных вынікаў. Але вырасціць ураджай – яшчэ не ўсё, важна перапрацаваць яго ў запатрабаваную прадукцыю. З гэтай задачай плённа спраўляліся калектывы прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці раёна. Нізкі паклон вам за добрасумленную працу.

Поспеху можа дасягнуць толькі той, хто любіць родную зямлю і адданы справе ўсёй душой. Мы высока цэнім ваш уклад у эканоміку раёна. Асаблівыя словы падзякі – ветэранам галіны. Жадаю ўсім прысутным моцнага здароўя, міра, дабрабыту і далейшых поспехаў.

Да віншаванняў кіраўніка раёна далучыліся яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Бабіна, яго першы намеснік Юрый Бортнік, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч.

Асобна былі ўшанаваны ветэраны галіны.

Па добрай традыцыі за плённае супрацоўніцтва работнікам сельскай гаспадаркі падзякавалі і ўручылі падарункі кіраўнікі прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці.

Перадавікі вытворчасці і лепшыя ў прафесіі ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Святочны настрой удзельнікам свята дарылі артысты і творчыя калектывы раёна.