21 Фев

Spread the love

Поўную залу гледачоў сабрала мерапрыемства, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Адкрылі яго юныя барабаншчыцы.

Затым павіталі прысутных вядучыя святочнай праграмы Наталля Маліноўская і Алена Майсюк. Яны пажадалі ажыццяўлення ўсіх мірных планаў, выказалі спадзяванне, што ніхто і нішто не перашкодзіць гэтаму, бо мы — пад надзейнай аховай тых, хто прысвяціў сваё жыццё вайсковай справе, абароне Айчыны.

Сардэчныя віншаванні з нагоды свята выказаў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён, у праватнасці, зазначыў:

– Гэтае свята з’яўляецца сімвалам вернасці воінскаму абавязку, стойкасці беларусаў у барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Мы схіляемся перад подзвігам нашых землякоў, якія самааддана абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў у ваенны час і надзейна забяспечвалі стабільнасць у мірныя гады.

Жадаю ўсім шчасця, міру, дабрабыту і новых поспехаў у службе на карысць Айчыны!

Да віншаванняў далучыўся ваенны камісар Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Генадзь Суравец. У сваёй прамове да прысутных ён нагадаў, што наш святы абавязак – шанаваць памяць пра загінулых воінаў, пра гераічныя подзвігі

папярэдніх пакаленняў, захаваць мір, які яны адстаялі цаной уласнага жыцця.

Таму менавіта ў нядзелю, 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны, апоўдні ва ўсіх храмах Гродзеншчыны, і нашага раёна ў тым ліку, загучаць званы. Гэтым будзе ўшанавана памяць пра тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. “Звонам памяці” стартуе абласны патрыятычны праект “Памяць. Адзінства. Перамога”, прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Канцэртную праграму “Абаронцам Айчыны” склалі песенныя і музычныя нумары ў выкананні вядомых артыстаў і калектываў Дзятлаўшчыны: групы “Бархат”, народнага ансамбля музыкі і песні “Ятранка”, Сяргея Малышчыка, Ганны Харлінскай, Таццяны Шостка, Наталлі Бузук, Аксаны Кашляк, Улада Ракуця, Вольгі Кузьма, Ірыны Касацікавай, Дар’і і Вікторыі Кончык, Алены Кашко.

Вельмі цёпла прымалі гледачы выступленні танцавальнага калектыву “Сунічкі” пад кіраўніцтвам Людмілы Хрысценка, дзіцячай цыркавой студыі “Марсі”, а таксама выхаванцаў дзіцячага садка № 2 горада Дзятлава разам з татамі. Доўга не змаўкалі апладысменты Вячаславу Сарачынскаму і яго дачушцы, якія саліравалі ў канцэртным нумары “Тата і дачка”.

А вось тыя, хто не быў на конкурсе “Краса Дзятлаўшчыны-2019”, мелі магчымасць пабачыць нашых прыгажуняў: яны сабраліся зноў разам і падарылі прысутным танцавальны нумар пад вясёлую музыку, настроіўшы залу на святочны лад.

Па водгуках, мерапрыемства атрымалася сапраўды святочным, разнастайным і прыемным.