01 Окт

Ветэраны з перадавой сельскагаспадарчай галіны

У свята мудрых людзей восень расшчодрылася і падарыла яшчэ адзін сонечны дзянёк.

Такой жа светлай і цёплай была атмасфера сустрэчаў для ветэранаў працы, якія праходзілі ў гэты дзень на Дзятлаўшчыне. Адбылося і традыцыйнае ўшанаванне былых кіраўнікоў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Трэці год запар святочную сустрэчу для іх ладзяць раённы выканаўчы камітэт і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

У канферэнцзале шаноўных гасцей віталі старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік, яго намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна, старшыня райкама галіновага прафсаюза Уладзімір Казак. Пасля прывітання і кароткай фотасесіі прысутных паклікалі ў аўтобус, бо пляцоўкай для сёлетняй сустрэчы было выбрана КСУП “Жукоўшчына”.

Дырэктар гаспадаркі Іван Свіб прапанаваў гасцям невялікую экскурсію і расказаў аб працоўных дасягненнях сельгаспрадпрыемства.

Затым Іван Свіб запрасіў ветэранаў-кіраўнікоў на святочны канцэрт, які для іх падрыхтавалі работнікі Газгалаўскага дома культуры. У адрас мудрых людзей гучалі шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў, ім дзякавалі за гады працы, за дасягненні на карысць Дзятлаўшчыны, за вопыт, якім шчодра дзяліліся з маладым пакаленнем. Не абышлося без забаўляльнай праграмы: госці паўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латэрэі і адказалі на пытанні з капелюша-гаваруна.

У сваю чаргу ветэраны працы падзякавалі арганізатарам свята за цёплы прыём. Адзначылі, што з нецярпеннем чакаюць падобных сустрэчаў як магчымасці пабыць у коле людзей, з якімі раней вырашалі працоўныя пытанні. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць работнікаў галіны, якіх ужо няма ў жывых.

На развітанне кожны ветэран працы атрымаў памятныя падарункі.