14 Июн

12 чэрвеня музычная рэтра-вечарына сабрала ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці шматлікіх аматараў рок-н-ролу.

Вечар у стылі рэтра ладзіўся для пажылых людзей раённага цэнтра, гасцей горада, а таксама для аматараў танцавальных вечарынак. Арганізавалі мерапрыемства сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва  Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Тэму сустрэчы падтрымалі мясцовыя “стылягі” – удзельнікі клуба “Нам гады не бяда”, людзі пенсійнага ўзросту. Дамы фарсілі ў прыгожых сукенках, яркіх каляровых пінжаках і элегантных капелюшах. Можна было ўбачыць папулярныя ў мінулым стагоддзі прычоскі.

З першых хвілін сустрэчы ўдзельнікі вярнуліся ў 60-я –70-я гады.

Танга, факстрот, вальс – і гэта далёка не поўны спіс танцавальных кампазіцый, пад якія танцавала пакаленне 60-х.

Ідэальным дадаткам да атмасферы сталі музычныя шлягеры мінулых гадоў у выкананні раённых артыстаў.

Для ўдзельнікаў сустрэчы ладзіліся конкурсы і віктарыны, была арганізавана выстава фотаздымкаў на вінілавых пласцінках. Фіналам сустрэчы стаў танцавальны флэш-моб пад хіты песень 60-х -70-х. – Лічу, што вечар атрымаўся на славу. Усім было весела і цікава. Гэта толькі адно са святочных мерапрыемстваў. А колькі іх яшчэ наперадзе! – падзялілася ўражаннямі Ядзвіга Гушча. – Такія вечары вяртаюць нас у нашу маладосць, калі мы бесклапотна танцавалі на пляцоўках. Усе гэтыя ўспаміны хвалююць нашы сэрцы, надаюць нам сілы і вяртаюць у самую чароўную пару жыцця – маладосць. Такія сустрэчы – гэта прыемныя хвіліны радасці, калі мы можам сабрацца разам, пагутарыць, падзяліцца ўспамінамі мінулых гадоў, а таксама радаснымі падзеямі, якія адбыліся ў нашым жыцці.