02 Мар

Весела і дружна праводзілі сёння зіму і сустракалі вясну ў Дзятлаве. У цэнтры горада, на плошчы 17 Верасня, былі падрыхтаваны цікавыя анімацыйныя прадстаўленні, конкурсы на спрыт і сілу, спартыўныя спаборніцтвы, наладжаны гандаль.

Бліны на розны густ прапаноўвалі КСУП “Вензавец”, “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, сярэдняя школа №1 горада Дзятлава, райЦГЭ, сыраробны завод, якія прынялі ўдзел у конкурсе “Мой лепшы блін”. Салодкім гарачым чаем частавалі валанцёры раённага Таварыства Чырвонага Крыжа, а ўпрыкуску да яго прапаноўвалі бліны ўдзельнікі клуба “Нам гады – не бяда”.
Паласавацца блінамі, выпечкай, шашлыкамі можна было ў палатцы Дзятлаўскага райспажыўтаварыства, а пасмакаваць розныя гатункі сыроў запрашала “Сырная страна”. Актыўна ўдзельнічалі і дарослыя, і дзеці ў конкурсах, бяспройгрышных латарэях, куплялі вырабы народных майстроў, самыя меткія спрабавалі свае сілы ў ціры.
Вельмі задорныя, вясёлыя і энергічныя былі танцавальныя нумары дзіцячага калектыву “Сунічкі”, а таксама флэш-моб з роставымі лялькамі.

Цікавае і дзецям, і дарослым тэатралізаванае прадстаўленне падрыхтавалі работнікі культуры. Прыйшлі Мароз-Ваявода і Зіма, якая сумавала, бо не хацела з усімі развітвацца.

Былі на свяце і Масленіца са сваёй памочніцай Цешчай, якой выбіралі зяця. Рассмяшыла ўсіх ілжэВясна – Баба Яга, якая прасілася на пасаду Вясны, аднак праверку не прайшла. І вось нарэшце сапраўдная Вясна-красна прыняла праўленне ад Зімы.

Шмат песень гучала ў гэты дзень на свяце, і не толькі ад нашых ужо ўсім вядомых і любімых раённых выканаўцаў. Парадаваў дзятлаўчан сваім выступленнем народны песенны калектыў з Карэлічаў.
Як і кожны год, вельмі эмацыянальна і азартна праходзілі спартыўныя спаборніцтвы паміж працоўнымі калектывамі раёна. Сёлета ў іх прынялі ўдзел шэсць каманд: РУП ЖКГ, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Дзятлаўскі сыраробны завод, РЭС, Дзятлаўскі раён газазабеспячэння, раённая бальніца.

У баі мяшкамі на бервяне перамогу заваявала каманда газавікоў, яны ж былі першымі ў конкурсе на хуткае паяданне бліноў, перамога ў хакейным конкурсе – у РЭС, у эстафеце па пераносе калодак перамагла каманда ЖКГ, у біятлонным дартсе самымі трапнымі былі прадстаўнікі з каманды лясгаса. Старанна падлічыўшы ўсе ачкі, галоўны суддзя спаборніцтваў Дзмітрый Ёда агучыў вынікі. Першае месца ў турніры заняла каманда Дзятлаўскага РЭС, другой стала каманда сырзавода, а на трэцяй пазіцыі – РУП ЖКГ.

Таксама напрыканцы свята былі падведзены вынікі конкурсу “Мой лепшы блін”. Трэцяе месца заняў Дзятлаўскі сыраробны завод, другое – сярэдняя школа №1, першае – КСУП “Жукоўшчына”.