09 Фев

9 лютага, у  Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў канцэрт памяці  святога Яна Боско, апекуна моладзі, і святога папы Рымскага Яна Паўла ІІ.

Мерапрыемства падрыхтавалі дзеці і моладзь дзятлаўскай парафіі  і музычны гурт “Боско-бэнд” з парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.

Ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных. Ён адзначыў, што  папа Рымскі Ян Павел ІІ, які прысвяціў жыццё служэнню Богу перш за ўсё, служыў чалавецтву, спрабаваў на ўласным прыкладзе паказаць, што ўсе мы браты і сёстры на гэтай планеце і можам дараваць памылкі адзін аднаму, дапамагаць і падтрымліваць, праяўляць дабро і міласэрнасць. Таксама святар заклікаў не баяцца выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія так часта сустракае чалавек.

Затым ксёндз-пробашч і прысутныя ўсе разам памаліліся.

Вядучыя праграмы адзначылі, што 2020 год з’яўляецца выключным не толькі таму, што ён высакосны і алімпійскі, але і таму, што сёлета мы адзначаем юбілей стагоддзя з Дня нараджэння аднаго з самых вядомых людзей нашага часу — святога Яна Паўла ІІ.

16 кастрычніка 1978 года Караль Вайтыла быў абраны наступнікам святога Пятра і выбраў сабе імя Ян Павел ІІ, стаўшы 264-ым папам ў гісторыі касцёла. Інаўгурацыя пантыфікату адбылася 22 кастрычніка.

На сцэне гучалі вершы, песні, інсцэніроўкі, творчыя і музычныя нумары, якія для гледачоў падарылі дзеці і моладзь дзятлаўскай парафіі.

Сустрэчу прадоўжыў музычны гурт “Боско-бэнд”, ён прысвяціў свае песні святому Яну Боско і Божаму нараджэнню.

У час канцэрта гледачам нават давялося паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць падарункі.

Напрыканцы ксёндз Здзіслаў Пікула падзякаваў усім, хто сёння сабраўся ў такі важны дзень.