У будучыню – з надзеяй

Пад такой назвай 35-ы год крочыць па Беларусі міжнародная сацыяльна-творчая праграма пад кіраўніцтвам аўтара праекта Кацярыны Копелевай.

Яе ўдзельнікі – зоркі беларускай эстрады. На гэты раз на Дзятлаўшчыну ў Дом культуры аграгарадка Гезгалы завіталі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, фальклорны гурт “Купалінка” са сваім кіраўніком – народнай артысткай Беларусі Аленай Цяльковай, а таксама кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, спявачка Белдзяржфілармоніі Надзея Тулінава, інструменталіст Андрэй Дзяргай і спявак з Турцыі Рамір.

Гэта яшчэ і своеасаблівая стартавая пляцоўка для юных талентаў рэгіёнаў Беларусі, мэта якой – выяўленне адораных дзяцей, магчымасць ажыццяўлення іх мары. На суд кампетэнтнага журы ў Гезгалах былі прадстаўлены музычныя нумары ў выкананні ўзорнага ансамбля скрыпачоў Дзятлаўскай школы мастацтваў “Зорачкі”, юных спявачак Ксеніі Жылянінай, Нэлі Санюк і Анастасіі Жамайтук. Варта адзначыць, што ўсе яны атрымалі памятныя падарункі, а Анастасія Жэмайтук запрошана на фінальны рэспубліканскі канцэрт у горад Мінск.


Вельмі яркім і запамінальным стала выступленне артыстаў-прафесіяналаў. Праз усю канцэртную праграму чырвонай ніткай праходзіла думка аб тым, што няма на свеце лепшай краіны, чым наша Беларусь, дзе мы нарадзіліся і разам будуем сваю будучыню, шчаслівую, мірную, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія выпалі на нашу долю. “Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю”, – гэтыя словы Я. Купалы, з якіх пачалося выступленне “Купалінкі”, знайшлі водгук і ў сэрцах удзячных гледачоў. А стварыць святочны настрой дапамаглі яркія і самабытныя народныя мелодыі і беларускія песні ў выкананні сапраўдных віртуозаў сваёй справы, якія не пакінулі ў зале нікога раўнадушнымі. Вось і праўда, “хто ўмее добра працаваць, таму не грэх адпачываць”, як сцвярджае гурт “Купалінка”, дарэчы, якому сёлета спаўняецца 55 гадоў, які быў першым у ліку тых, хто распачынаў гэтую сацыяльна-творчую праграму ў 1986 годзе пад назвай “Чарнобыльскі шлях”.

 

Рекомендованные статьи

Belarusian BE English EN Russian RU