08 Окт

Ушанавалі памяць паэтаў

 

          У суботу, 8 кастрычніка, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльных дошак, прысвечаных заходнебеларускім паэтам — А. К. Бяленку (Нікіфару Жальбе), І. П. Івашэвічу (Пятрусю Граніту), І. І. Пышко (Гарасіму Праменю), А. М. Лебедзеву (Васілю Струменю). Ініцыятыва ўшанавання памяці гэтых людзей належыць жыхару горада Дзятлава В. Петрыкевічу, пісьменніку і краязнаўцу са Слоніма С. Чыгрыну, сябрам Таварыства беларускай мовы.

         На ўрачыстым адкрыцці мемарыяльных дошак у Труханавічах і Зачэпічах прысутнічалі В. Дубатоўка, старшыня Гродзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, А. Пяткевіч, пісьменнік, прафесар і краязнаўца, С. Чыгрын, пісьменнік і краязнаўца, В. Шыцько, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, А. Маркушэўскі, старшыня Дзятлаўскага сельскага савета, прадстаўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, гісторыка-краязнаўчага музея, школьнікі, народны тэатр-студыя гульні «Прымакі».

          Ушаванне памяці А. К. Бяленкі распачалося з наведвання могілак, дзе пахаваны паэт. Вучні Вензавецкай школы разам са сваёй настаўніцай усклалі на магілу паэта кветкі. Унучка А. К. Бяленкі Г. І. Лішык прачытала верш дзядулі.
Каля хаты, дзе некалі жыў А. К. Бяленка і на якой цяпер устаноўлена мемарыяльная дошка, у час урачыстасці сабраліся жыхары вёскі. Сярод іх былі і дочкі паэта — Ганна і Надзея.

           На мерапрыемстве гучалі вершы А. К. Бяленкі — іх чыталі вучні Вензавецкай школы. Аб творчым і жыццёвым шляху паэта ўзгадалі краязнаўца С. Чыгрын, пісьменнік, прафесар А. Пяткевіч.

         У Зачэпічах быў адкрыты мемарыяльны камень з шыльдай, прысвечаны Петрусю Граніту, Гарасіму Праменю, Васілю Струменю. Аб іх жыцці і дзейнасці ўдзельнікі ўрачыстасці даведаліся і ў час наведвання Жукоўшчынскай школы, дзе знаходзіцца музей «Літаратурная Дзятлаўшчына».

        Непасрэдна ў час урачыстага адкрыцця Дошкі памяці вучні з Жукоўшчыны чыталі вершы паэтаў. А бард з Ліды С. Чарняк выканаў песню. Прамову трымаў галоўны рэдактар газеты «Наша слова» С. Суднік.

          Завяршылася мерапрыемства ў Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы. Прысутныя пазнаёміліся з відэапрэзентацыяй, прысвечанай вядомым асобам Дзятлаўшчыны, паслухалі вершы. У выкананні С. Чарняка прагучалі песні на вершы беларускіх паэтаў.