15 Мар

Spread the love

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на Дзятлаўшчыне дадзены старт тэматычнаму праекту “Вялікай Перамозе – 75”.

Распачаў яго Новаяльнянскі сельскі савет.

Нядзельным днём у Новаяльнянскім доме культуры прайшло тэматычнае мерапрыемства, на пачатку якога вядучая Алена Майсюк расказала пра мэту праекта “Вялікай Перамозе – 75”. Затым да прысутных звярнулася старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец. Яна, у прыватнасці, зазначыла:

– Гэтая дата навечна ўпісана ў гісторыю нашай краіны. У гераічным летапісе Беларусі не было бітвы больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная вайна. Не было подзвіга больш значнага, чым подзвіг салдат, якія абаранілі Радзіму ад ворага, выратавалі свет ад фашызма.

Мільёны беларусаў назаўсёды засталіся на палях жорсткіх бітваў, набліжаючы шчаслівы дзень – дзень Вялікай Перамогі.

Памяць загінулых прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Прадоўжыла мерапрыемства канцэртная праграма. Гэта ўдзельнікі “франтавой канцэртнай брыгады” прапанавалі гледачам выступленні, падобныя да тых, якія ладзіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Паспявалі песні ваенных гадоў, узнавілі тагачасную атмасферу, калі ў перапынках паміж баямі да воінаў на фронт прыязджалі артысты, каб падтрымць іх баявы дух і настрой.

Песні ваенных гадоў, такія, напрыклад, як “Кацюша”, “Агеньчык” і ваеннай тэматыкі “У лесе прыфрантавым”, “Пісьмо з 45-га” выканалі Аліса Дзірвук, Галіна Сушко, Таццяна Загорцава, Святлана Гранкоўская, Аляксандр Карповіч.

Спадабаліся прысутным выступленні юных артыстаў – Арыаны Кузьміч, Карыны Касіла, танцавальнага калектыву “Калейдаскоп” пад кіраўніцтвам Наталіі Нагорнай.

Праект “Вялікай Перамозе – 75” будзе рэалізоўвацца ў Новаяльнянскім сельсавеце на працягу тыдня з 15 па 21 сакавіка. У час культурна-асветніцкай акцыі “Мы пра вайну сёння гаворым” мяркуецца сумеснае чытанне мастацкіх твораў пра ваеннае ліхалецце: дарослыя пачытаюць дзецям, потым дзеці – дарослым. Лепшыя мастацкія творы ваенных гадоў і сённяшнія аўтарскія работы будуць затым агучаны на святочных мерапрыемствах 9 мая.

Акцыя “Перамогі яблыневыя кветкі” прадугледжвае выраб яблыневых кветак, якія сімвалізуюць вясну, свежасць, адраджэнне, пачатак новага жыцця. У той жа час, паводле народных славянскіх традыцый, яблыня з’яўляецца сімвалам, які адлюстроўвае неперарываемую памяць, што связвае пакаленні мінулыя і цяперашнія. Вырабленыя ў сельсавеце кветкі ўвойдуць у вялікае кветкавае пано на галоўнай сцэне, дзе будуць праходзіць святочныя мерапрыемствы 9 мая. Таксама мяркуецца вырабіць букеты з цукерак, якія стануць святочнымі сувенірамі.

Эстафету ад Новаяльнянскага прыме Данілавіцкі сельсавет. Там мерапрыемствы будуць праходзіць з 22 па 28 сакавіка. Затым з 29 сакавіка па 4 красавіка – у Дварэцкім сельсавеце; з 5 па 11 красавіка – у Жукоўшчынскім; з 12 па 19 красавіка – у Вензавецкім; з 19 па 25 красавіка – у Парэцкім; з 26 красавіка па 2 мая – у Казлоўшчынскім; з 3 па 8 мая – у Дзятлаўскім сельсавеце.