03 Июл

Танцы, песні, музыка на дзятлаўскай сцэне Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 3 ліпеня, дзятлаўчанам і гасцям горада прадставіў канцэртную праграму Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі.

Калектыў пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Валянціна Дудкевіча носіць ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”, а 20 красавіка 2017 года яму прысвоена яшчэ і  высокае званне “Акадэмічны”. Гэта —  вядучы харэаграфічны калектыў рэспублікі, які больш чым за паўвекавы перыяд сваёй дзейнасці стаў неад’емнай часткай нацыянальнай культуры.

29 кастрычніка 1959 года лічыцца днём нараджэння калектыву. Тады 50 лепшых танцораў сабраліся на першую рэпетыцыю. А ўжо праз восем месяцаў калектыў паспяхова гастраляваў па гарадах Беларусі, Украіны, Расіі. На сёння беларускія танцоры аб’ехалі, лічы, увесь свет. Зусім нядаўна вярнуліся з В’етнама, дзе праходзілі Дні культуры Беларусі.Танцы  артыстаў Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі ведаюць, разумеюць, любяць гледачы, прымаюць, не шкадуючы сваіх далоняў. І гэты заслужаны калектыў парадаваў сваёй творчасцю дзятлаўчан.

Калектыў мае некалькі паўнацэнных праграм, у якія ўваходзяць больш за 50 танцаў. Рэпертуар вельмі разнастайны: беларускія танцы, танцы народаў свету, эстрадна-этнічныя танцы, танцы гістарычнай і ваеннай тэматыкі.

Калектыў радуе сваіх гледачоў такімі нумарамі, як “Кадрыля”, “Лянок”, “Паланэз”, ”Бульба”, “Церніца”, “Вечарына”. А такія танцы, як “Украінскі гапак” і “Мяцеліца”, пастаўленыя заснавальнікам калектыву Аляксандрам Апанасікам, выконваюцца да гэтага часу.

У Дзятлава калектыў прывёз танцы “Крывічы”, “Віцебская полька”, “Дудалка”, жартоўныя “Кадрылі на зэдліках”, “Ясь і Яніна”, цыганскі танец і сваю знакамітую “Лявоніху”.