18 Авг

Свята яблык у Жукоўшчыне

У рамках праекта “Дбайных людзей славім – весела час бавім” прайшло “Свята Яблык”, якое штогод праходзіць у аграгарадку Жукоўшчына – лідара па вырошчванні і рэалізацыі сартавых яблык.

Са словамі прывітання да аднавяскоўцаў і гасцей свята звярнуўся старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, які пажадаў усім бадзёрага настрою, ветлівых усмешак, актыўнага адпачынку, а ўдзельнікам сельскай эстафеты –спартыўнай удачы, даўгачаканых перамог.

Права для ўзнагароджання самых дастойных працаўнікоў гаспадаркі прадаставілі дырэктару КСУП “Жукоўшчына” Івану Свібу і галоўнаму спецыялісту па ідэалагічнай рабоце Алене Свіб. Іван Аляксандравіч падзякаваў працаўнікоў за плённую працу і станоўчыя вынікі, пажадаў новых поспехаў і перамог, моцнага здароўя і дабрабыту.

З віншаваннямі і музычнымі падарункамі завіталі на галоўную пляцоўку госці аграгарадка – ансамбль “Гуляй, Бульбаш” з горада Мінска. Артысты сталічнага песенна-танцавальнага калектыву падарылі ўдзельнікам святочнага мерапрыемства цудоўныя песні.

Потым лірычнае замілаванне актыўнага адпачынку змяніў настрой са спартыўным запалам.

Каманды сельгасарганізацый “Жукоўшчына”, “Хвінявічы” і “Вензавец” хутка занялі стартавыя пазіцыі.

На працягу трох этапаў спаборніцтваў камандам-удзельніцам трэба было сабраць ураджай яблык, акуратна перавесці яго да месцапрызначэння, сабраць частку ўраджаю на зімовае захоўванне, а конкурс на хуткасць і спрыт нарэшце стварыў кругаварот яблыкаў у камандзе.

Па выніках спаборніцтваў перамогу ў сельскай вясёлай эстафеце атрымала каманда КСУП “Жукоўшчына”, на другім месцы – КСУП “Хвінявічы”, трэцяе месца – у каманды КСУП “Вензавец”. Старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык уручыў капітанам каманд дыпломы і каштоўныя падарункі.

Падтрымаць жыхароў аграгарадка Жукоўшчына прыехалі супрацоўнікі ААТ “Граніт-Агра”. Калектыў артыстаў ансамбля народнай паесні “Суседачкі” Данілавіцкага дома культуры падарылі ўдзельнікам святочнай праграмы шчырыя песні і багатыя на гумар байкі.