25 Июн

Свята Вышыванкi

             25 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Наваельня праводзілася свята Вышыванкі, у рамках раённага праекта “Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім”. Наваельня прыняла святочную эстафету ад Вензаўца, дзе ладзілася свята касцоў. Цяпер жа ўшаноўвалі тых, хто пераняў ад сваіх матуляў і бабуляў, хто удасканальвае і прадаўжае займацца прыгожым майстэрствам – вышываннем.

З работамі наваельнянскіх майстрых можна было пазнаёміцца на выставе, якая разгарнулася непасрэдна ля Дома культуры. На выставе былі прадстаўлены работы Сняжаны Піцур, Марыны Каплінскай, Ганны Ярмоленка, Таццяны Круглік, Наталлі Кардаш, Таццяны Васільевай, Галіны Нямкевіч, Святланы Кот, Алы Нікіпорчык, Наталлі Бяляк, Таццяны Загорцавай і Вольгі Гранкоўскай. Гэта выкананыя рознай тэхнікай вышыўкі карціны, ручнікі, падушкі на канапу. Работы выклікалі вялікую цікавасць сярод мясцовых жыхароў і гасцей свята. Іх з захапленнем разглядвалі, фатаграфавалі, ля работ рабілі сэлфі.

Дарослых і дзяцей на свята вышыванкі сабралася багата. На ўрачыстасць наваельнянцаў заклікаў мясцовы духавы аркестр, які з бадзёрымі маршамі прайшоўся па вуліцах пасёлка. А да іх далучыліся і ўдзельнікі свята – каманды “Вяселай эстафеты”, сем’і ў вышыванках, танцоры і спевакі, мадэлі і мастакі.

На пляцоўцы ля Дома культуры загучаў аповед пра  яе вялікасць — вышыванку. Вядучыя свята  расказалі пра гісторыю гэтага мастацтва, а юныя артысты славілі беларускую вышыванку песнямі, з дапамогай вершаваных радкоў і танцаў.  І як сімвал неўміручасці народных традыцый у неба ўзняліся шары з прымацаванай да іх вышыўкай.

Шчырымі апладысментамі віталі прысутныя наваельнянскіх майстрых вышыўкі – за іх умелыя рукі і нястомную працу. Крыху пазней, калі падводзіліся вынікі свята, старшыня Наваельнянскага выканкама Ірына Кунахавец  уручыла вышывальшчыцам Падзячныя пісьмы за актыўны ўдзел у свяце вышыванкі.

Падзяку і апладысменты заслужылі таксама сем’і Шастала і Бельскіх, якія паказалі вышываныя строі – даўнейшыя і сучасныя. Дарослыя і дзеці пацвердзілі, што вышываныя кашулі, кофты, спадніцы, сукенкі ім падабаюцца і пачуваецца ў гэтай вопратцы цудоўна.

Вучні Наваельнянскай сярэдняй школы зладзілі нацыянальны бодзі-арт — дэфіле з арнаментам, які быў нанесены на твары дзяўчынак. Падрыхтавала шоу-паказ мастак Алена Дзмітрыеўна Гайдук.