29 Июл

Свята рыбака. Вясёлая эстафета

29 ліпеня, у суботу, ля Гезгалаўскага вадасховішча праводзілася Свята рыбака.

Пакуль удзельнікі спаборніцтваў па рыбнай лоўлі закідвалі свае вуды і чакалі, калі клюне “салідная” рыбіна, моладзь запрасілі да ўдзелу ў вясёлай спартыўнай эстафеце. Заданні арганізатары прадугледзелі таксама “рыбныя”.

З чаго пачынаецца рыбалка? Вядома ж, са збораў на яе. Паколькі зборы былі жартоўныя, то на рыбалку хлопцы і дзяўчаты выпраўляліся з чамаданамі, апранаючы кашулі, модныя штаны, надзяваючы капелюшы як мага хутчэй. Стараліся ўсе, і ў першых конкурсах каманды ішлі амаль упоравень.

А надалей пачала захопліваць лідарства і ўтрымала яго да канца зладжаная каманда КСУП “ Жукоўшчына”. І са Свята рыбака, як і з некалькіх папярэдніх эстафет, хлопцы і дзяўчаты павезлі дахаты галоўны прыз.

Непераможная каманда з Жукоўшчыны – гэта Яўген Кійко (капітан), Дзмітрый Расолька, Аляксей Вайтушка, Вольга Аўхім, Алёна Сантоцкая. У такім складзе каманда перамагла і на нядаўнім Свяце мёду ў Раклевічах. Прадстаўнікі КСУП “Жукоўшчына” маюць намер не аддаць лідарства  і на Свяце яблыкаў, якое пройдзе ў “родных сценах”.

Крыху саступілі жукоўшчынцам  гаспадары – каманда Гезгалаўскай школы. Яна – другая, хоць і мела самую прадстаўнічую групу падтрымкі на чале з дырэктарам школы Эдуардам Ненартовічам.

Трэцяе месца журы прысудзіла камандзе КСУП “Войневічы”. Гэтая каманда выдатна выступіла ў такім  сапраўды “рыбным” конкурсе, як “лавіся, рыбка!”, дзе патрэбны былі сіла, спрыт, настойлівасць.