22 Июл

Свята мёду ў Раклевічах

У суботу, 22 ліпеня, у аграгарадку Раклевічы адбылося Свята мёду. Яно праводзілася ў рамках раённага сельскагаспадарчага праекта “Дбайных людзей славім – весела час бавім”. Мэта праекта – папулярызацыя сельскагаспадарчай працы, сельскагаспадарчых прафесій і быту, арганізацыя культурнага адпачынку вясковых жыхароў.

Цэнтр КСУП “Русь-Агра” Раклевічы для Свята мёду быў абраны не выпадкова. Сельгаспрадпрыемства займаецца пчалярствам: мае 68 пчоласем’яў і штолета атрымлівае да тоны мёду. Яшчэ 148 пчоласем’яў маюць 17 жыхароў Дзятлаўскага сельсавета, забяспечваюць салодкай і лекавай прадукцыяй сябе і тых, хто любіць мёд.Свята пачалося з тэатралізаванай дзеі. Галоўным персанажам яе стала працалюбівая пчолка. Са сцэны пра гэтых нястомных працаўніц распавялі гаспадыні свята Аляксандра Маленчык і Кацярына Каліноўская.Яны запрасілі на сцэну пчаляра-аматара Мікалая Бартноўскага, каб расказаў пра свой занятак, выказаў пажаданні і парады пачынаючым пчалярам.Правесці добра час пажадаў вяскоўцам і гасцям Раклевічаў старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі. Ён выказаў спадзяванне, што пасля свята шэрагі аматараў пчалярства папоўняцца.Не ведаю, ці ўзнікла такое жаданне ў прысутных – самім здабываць мёд, а вось куплялі яго ахвотна. КСУП “Русь-Агра” рэалізоўваў сваю салодкую прадукцыю па 9 рублёў за кілаграм.Можна было таксама пачаставацца блінамі з мёдам, якія прапаноўвалі работнікі мясцовай сталоўкі бясплатна.На свята ў Раклевічы прыязджалі прадпрымальнікі са сваім хадавым таварам – салодкай ватай і папкорнам. Дзеці, што пчолкі, віліся там, дзе гандлявалі цацкамі і забаўкамі. Дзятва забаўлялася і на батуце.