27 Май

Свята Лёну ў Дварцы

Летась стартаваў раённы праект “Дбайных гаспадароў славім, весела час бавім” і пачаў ажыццяўляцца ён менавіта з Дварца.

Сёлета праект прадоўжаны. Аграгарадок Дварэц першы прыняў гасцей  на Свяце лёну. Яно праходзіла тут суботнім днём, 27 мая.

Распачаў свята танцавальны калектыў работнікаў культуры танцам “Полька”. Затым вядучыя свята Людміла Баклушына і Ірына Цяцерына далі слова для прывітання старшыні Дварэцкага сельвыканкама Тамары Перапечынай. Яна адкрыла свята і пажадала дварчанам добрага адпачынку.Святочную эстафету падхапілі вучні групы падоўжанага дня 2-3 класа Дварэцкай школы. Яны зладзілі модны цяпер флэшмоб. Пра Дварэцкі льнозавод расказаў яго дырэктар Яўген Варган. Ён выказаў спадзяванне, што фінансавае становішча завода палепшыцца, прадпрыемства і калектыў будуць на тых пазіцыях, як у 2014-2015 гадах, калі завод займаў першыя месцы ў абласным спаборніцтве.

На свята былі запрошаны і ўшанаваны завадчане, якія шмат гадоў адпрацавалі на прадпрыемстве. Гэта Ганна Канстанцінаўна Сямашка, Іосіф Рыгоравіч Трубко, Іосіф Уладзіміравіч Ляпешка, Ганна Сцяпанаўна Сідорчык, Міхаіл Уладзіміравіч Сёмуха, Леакадзія Стэфанаўна Гайдук, Марыя Аляксандраўна Маліка, Леанід Браніслававіч Ганчар, Вольга Міхайлаўна Канус, Ніна Мікалаеўна Сямашка. На жаль, не змаглі пабыць на ўрачыстасці Сабіна Станіславаўна Трубко і Леанарда Іванаўна Міснік. Але ім былі адрасаваны пажаданні здароўя і бадзёрасці.

Як паведаміла спецыяліст па ідэалагічнай рабоце завода Ала Хамко, гэтыя людзі былі прыняты на працу з першага дня пуска завода, у 1954 годзе. Ветэранам ўручылі кветкі, граматы, падарункі.  На свяце ўшанавалі тых, хто справіў ільняное вяселле, пражылі ў шлюбе чатыры гады. Гэта Ларыса і Андрэй Ганчары, Іна і Анатоль Ляпешкі. Праўда, на свяце прымалі віншаванні жонкі і дзеці, бо бацькі былі на працы.