23 Июл

Свята ў Казлоўшчыне

23 ліпеня ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына прайшло свята да Дня вызвалення гэтага паселішча ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Казлоўшчына была вызвалена ў ліпені 1944 года ў час Беластоцкай наступальнай аперацыі войскамі 129 стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Панчука 3-й арміі 2-га  Беларускага фронту. З таго часу мінулі 73 гады.

Сёння ў Казлоўшчынскім сельсавеце жывуць толькі чатыры ветэраны вайны. Гэта Іван Іосіфавіч Зелянеўскі, Аляксандра Пятроўна Савельева, Фёдар Васільевіч Шалесны, Васіль Мікалаевіч Аліменка. Найперш ім былі адрасаваны пажаданні здароўя і даўгалецця, з якімі звярнуўся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Аляксандравіч Бялятка.

— Сёння наша задача – зберагчы, захаваць гістарычную праўду пра тыя суровыя гады, памяць пра жывых і загінулых герояў,  —  сказаў у сваёй прамове старшыня сельвыканкама. — Вечная слава і зямны паклон абаронцам Радзімы!

Жыхары пасёлка і госці свята ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.

Як даніна памяці ахвярам ліхалецця былі ўскладзены букеты кветак і вянкі да помніка, што стаіць у цэнтры гарпасёлка.

Да свята былі прымеркаваны выставы, якія размясціліся ў гарпасялковым скверы. Казлоўшчынская бібліятэка прапанавала экспазіцыю кніг ваеннай тэматыкі, пазнаёміцца з гісторыяй паселішча праз фотаздымкі. Асобны стэнд прысвячаўся ветэранам вайны.

Калоўшчынскі дом-інтэрнат запрасіў паглядзець  на мадэлі ваеннай тэхнікі, якія вырабілі насельнікі інтэрната пад кіраўніцтвам інструктара Ігара Віктаравіча Лішыка.

Крышку далей казлоўшчынскія прадпрыемствы размясцілі свае тэматычныя пляцоўкі: “Партызанскі атрад”, “Партызаны на прывале”, “Партызанскі быт”. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікала пляцоўка, якую парупіліся абсталяваць работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм. У бліндажы можна было пабачыць вайсковую форму, прадметы быту партызан, фотаздымкі тагачаснага партызанскага жыцця.

У палявой кухні кухары прыгатавалі кашу, юшку, чай. Работніцы прадпрыемства частавалі ўсіх, хто заходзіў паспытаць салдацкай кашы. Пляцоўка ПМС была прызнана пераможцай конкурсу,  і дырэктару прадпрыемства Віктару Уладзіміравічу Адамчыку было прыемна атрымаць заслужаную ўзнагароду. Гэта прадпрыемства вызначылася і ў конкурсе кветкавых кампазіцый і букетаў. Зорка з гваздзікоў і яловых галінак была  прызнана лепшай сярод букетаў, прадастаўленых Казлоўшчынскім домам-інтэрнатам, мясцовымі яслі-садам, школай, лікёра-гарэлачным заводам “Алгонь.

У Казлоўшчыне традыцыйна у час свята ўшаноўваюць лепшых працаўнікоў. Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама  разам з прадстаўнікамі працоўных калектываў уганараваў лепшых працаўнікоў. Падзячным пісьмом раённага Савета  дэпутатаў за значны ўклад у развіццё медыцынскага абслугоўвання пасёлка і шматгадовую плённую працу адзначана доктар Таццяна Кайтанаўна Уласенка. Ганаровымі граматамі Казлоўшчынскага сельвыканкама ўзнагароджаны Таццяна Аляксандраўна Куніцкая (лікёра-гарэлачны завод”Алгонь”), Васіль Яўгенавіч Лішык (прадпрыемства меліярацыйных сістэм), Міхаіл Іванавіч Скіба (КСУП  “Слава працы”), Раіса Сафронаўна Сухоцкая (Казлоўшчынская школа).

У святочнай праграме таксама прынямі ўдзел юныя артысты – узорны тэатр-студыя “Мелодыя душы” пад кіраўніцтвам Івана Каско. Яны паказалі мюзікл “Без месца жыхарства”.

Мясцовая пажарная служба  прадэманстравала пажарную тэхніку і магчамасці пажаратушэння з дапамогай пены, што выклікала асаблівае захапленне ў дзятвы.

Для дарослых і дзяцей на працягу свята працавалі атракцыёны: батут, надзіманыя горкі, ціры; можна было пакатацца на кані; прайсці выпрабаванне свайго вестыбюлярнага апарата на “круцёлцы”; прадавалі марожанае, салодкую вату, папкорн; жадаючыя маглі пазмагацца за шашачнымі дошкамі. Да позняга вечара Казлоўшчына частавалася, танцавала, адпачывала.