Сустрэча аднапалчан-ракетчыкаў

У пасёлку Гезгалы, колішнім ваенным гарадку, створана і плённа працуе ветэранская арганізацыя былых вайскоўцаў-ракетчыкаў.

З ініцыятывы кіраўніцтва гэтага аб’яднання  прайшла традыцыйныя сустрэча аднапалчан.

Сёлета нагода сабрацца ва ўрачыстай абстаноўцы была асаблівая: споўнілася 60 гадоў ракетным войскам стратэгічнага прызначэння.  Да юбілейнай даты было прымеркавана ўручэнне юбілейных медалёў. Выканаць гэтую прыемную місію прыехаў старшыня рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Ветэраны ракетных войск стратэгічнага прызначэння” Іван Кірычэнка.

У вітальным слове Іван Васільевіч выкаказаў удзячнасць былым вайскоўцам-ракетчыкам за тое, што шануюць вайсковыя традыцыі і армейскае сяброўства. Ветэран прыгадаў свае гады службы ў гэтых мясцінах, аднапалчан. Парадаваўся, што жывыя-здаровыя, рад бачыць на сустрэчы, і надалей пажадаў здароўя, бадзёрасці, даўгалецця.

Да ўзнагароджання юбілейнымі медалямі былі прадстаўлены 20 былых ракетчыкаў. Таксама памятнай узнагародай за ўклад у забеспячэнне цяперашняй абароназдольнасці нашай Айчыны адзначаны раённы ваенны камісар Генадзь Суравец.

Генадзь Тадэвушавіч павіншаваў прысутных у зале былых вайскоўцаў, іх сем’ і са святам, пажадаў дабрабыту, згоды, ладу і, галоўнае, мірнага неба над галавой. А ўласны музычны падарунак – песня ад раённага ваеннага камісара – стаў  дапаўненнем да віншавання.

Прыемных падарункаў з нагоды свята было шмат. Найперш гэта канцэртная праграма, якую падрыхтавалі мясцовыя артысты. Для ветэранаў-ракетчыкаў і ўсіх, хто прыйшоў раздзяліць з імі гэтае свята, спявалі Іван Кашко, Максім Маліноўскі, Яна Календа, Юлія Лагуцік, Ганна Календа, маленькая спявачка Нэля Санюк, іграў ансамбль скрыпачоў.

Павітаць былых вайскоўцаў-ракетчыкаў прыйшлі навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Мясцовая паэтка Вера Хрышчановіч прачытала верш, прысвечаны ракетчыкам, і перадала для ветэранскай арганізацыі свой зборнік.

Прыемным дадаткам стала дэманстрацыя архіўных фотаздымкаў пра тагачаснае жыццё ў ваенным гарадку на экране ў зале і выстава ў фае Дома культуры. Пэўна, многія з пажылых прысутных не змаглі суладаць з эмоцыямі, калі дырэктар Гезгалаўскага дома культуры Святлана Русак спявала песню “Гарадок”, а на экране адзін за другім з’яўляліся кадры, дзе вайскоўцы, іх родныя, сябры маладыя.

Хутка споўніцца 25 гадоў, як ракеты пакінулі гэтыя мясціны. А размешчаны ракетны полк тут быў у 1959 годзе. За ўвесь перыяд дыслакацыі школу вайсковага жыцця, прафесійнага станаўлення прайшлі 10 тысяч салдат і афіцэраў ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Калі б на сустрэчу сабраць усіх, то спатрэбіўся б велізарны стадыён!

Зразумела, за мінулыя 60 гадоў пайшлі з жыцця тыя, хто пачынаў ствараць гісторыю ваеннага гарадка. Але памяць пра іх  жыве.  Дзякуючы мясцовай ветэранскай арганізацыі на чале з Аляксандрам Волкавым доўжацца традыцыі вайсковага братэрства, ашчадна захоўваецца памяць пра аднапалчан.

“А жыццё прадаўжаецца!” – такую аптымістычную назву меў вечар-сустрэча. І на такой аптымістычнай ноце ён завяршыўся: мірным святочным феерверкам каля Дома культуры, “салютам” у гонар тых, хто служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння.

Рекомендованные статьи

English EN Russian RU