31 Июл

Spread the love

“Пляцоўка каля Цэнтра культуры. Шэсць вечара. Кожны вечар”, – кодавыя словы для ўсіх, хто хоча бавіць лета весела і ў добрай кампаніі.

На працягу двух тыдняў марафона “Лета разам” з 27 ліпеня да 8 жніўня работнікі культуры збіраюць дзятлаўчан і гасцей горада на забаўляльныя імпрэзы для маладых і не толькі.

Вечар пятніцы адзначыўся сямейным оўпэн-эйрам “Будзем знаёмыя”. Работнікі Новаяльнянскага дома культуры запрасілі ўсіх жадаючых патанчыць, паўдзельнічаць у конкурсах і атрымаць прызы – добрыя песні ад маладых артыстаў Дзятлаўшчыны і апладысменты прысутных. Для гасцей свята гэтым вечарам спявалі Галіна Сушко, Эльвіра Задзярэй, Вольга Іода, Вікторыя Кончык.

Унікальным штрыхом мерапрыемства сталі заўжды маладыя і вясёлыя майстрыхі з клуба “Нам гады не бяда”, якія не толькі зладзілі выставу вырабаў уласнай работы, але і далі моладзі майстар-клас у палявых умовах.

Наведала вечарыну майстрыха з Гезгалаў, кіраўніца раённага Цэнтра рамёслаў Вольга Жэгала. Ад яе – дзятлаўчанам традыцыйныя лялькі ручной работы, хатнікі-абярэгі і папулярнае гэтым летам міхендзі (часовыя татуіроўкі хной).

Нягледзячы на “нялётнае” надвор’е, свята завяршылася доўгачаканым у падлеткаў і моладзі яркім “Color Fest’ам”.