18 Июн

Сельскія вясёлыя старты ў Вензаўцы

На пачатку спаборніцтваў – сельскіх вясёлых стартаў – арганізатары свята запрасілі прысутных пабачыць даўнейшы абрад: як выпраўлялі на касьбу. Яго паказалі мясцовыя маладыя людзі Яна Мармыш і Станіслаў Сёмуха. Дзяўчына напаіла касца квасам, а той аддзячыў за клопат павязанай хусткай. Гэты абрад даручалася даўней выканаць самаму сталаму касцу і вясковай прыгажуні. Такім чынам Яна і Стас далі старт спаборніцтвам на “сенажаці”. У вясёлых стартах прымалі ўдзел пяць каманд – КСУПаў “Белагурна”, “Жукоўшчына”, “Слава працы”, “Вензавец” і ААТ “Граніт-Агра”.

Вядучая спаборніцтваў Наталля Нагорная прапанавала паўдзельнічаць у шасці выпрабаваннях. Пераважная большасць з іх тычылася сенакосу: касі, каса, пакуль раса; на тыя ж граблі; перанясі сена цераз балота; зрабі сувенір з сена, а таксама былі жартоўны конкурс – надышла ноч і спаборніцтвы асілкаў – самы дужы.

Пераможцай вясёлай сельскай эстафеты стала каманда КСУП “Жукоўшчына” ў складзе Дзмітрыя і Юліі Расолькаў, Аляксея Вайтушкі, Яўгена Кійко, Алёны Сантоцкай. Дарэчы, прадстаўнікі гэтага сельгаспрадпрыемства перамагаюць сёлета ўжо другі раз запар. Папярэдні поспех мелі на свяце лёну ў Дварцы. Другое месца заняла каманда КСУП “Слава працы”, трэцяе – ААТ “Граніт-Агра”. Каманды атрымалі дыпломы пераможцаў, адзначаны падарункамі, якія прадаставіў спонсар стартаў – райспажыўтаварыства і, вядома ж, узнагароджаны  апладысментамі гледачоў, якіх нямала сабралася на нядзельнае свята. А самыя бурныя апладысменты былі адрасаваны вензавецкаму касцу Раману Осіпаву. Ён прызнаны пераможцам сярод касцоў-удзельнікаў спаборніцтваў і атрымаў тытул “Касец-2017”. Раман, як адзначыла журы, паспяхова выканаў усе ўмовы: скасіў свой надзел якасна і хутка. Перамогай свайго касца мясцовыя балельшчыкі былі вельмі задаволены. Яшчэ адзін мясцовы касец – чатырохгадовы Максім Пятчыц – таксама заслужыў увагу і атрымаў падарунак. І хоць каса ў Максімкі была пластыкавая, і трава ў яго не клалася ў пракосы, хлопчык старанна паўтараў рухі сапраўдных касцоў. А навучае сельскай працы малога мінчаніна дзядуля – Віктар Мікалаевіч Пятчыц, да якога ў Вензавец на лета прывозяць унука. Да свята касцоў творчае аб’яднанне “Гаспадынька”, якое створана і працуе пры Вензавецкай школе, падрыхтавала дэгустацыю страваў, якія звычайна гатавалі ў час сенакосу. Таму для ўдзельнікаў спаборніцтваў дататковым “прэзентам” было запрашэнне пачаставацца смачнымі стравамі. Жанна Свіб і Таццяна Мармыш парупіліся пра юшку па-вензавецку, дранікі, бліны, квас і іншую смакату.