23 Авг

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва  Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна-пазнавальную экспедыцыю пад назвай “Па сакрэты даўгалецця”.

У нашым раёне ёсць шмат доўгажыхароў, якія з радасцю могуць падзяліцца з маладым пакаленнем сакрэтамі свайго даўгалецця. Валянціне Васільеўне Бранкоўскай, якая жыве ў вёсцы Ахонава, споўнілася сёлета 94 гады. З непадробленай радасцю сустракае яна гасцей – работнікаў культуры і карэспандэнтаў – у сваёй утульнай вясковай хатцы. Жыве адна, таму заўжды любому госцю радая, сцвярджае сама гаспадыня. Любіць пагаварыць, успомніць мінулае, падзяліцца сваім багатым жыццёвым вопытам. Пытаем у Валянціны Васільеўны, у чым жа сакрэт яе даўгалецця?

– Дакладна вам і не скажу. У дзяцінстве, напрыклад, і не памятаю, каб хварэла. З вясны да восені ўсе дзеці ў вёсцы бегалі босыя – гэта, пэўна, была своеасаблівая загартоўка арганізма. А так, Бог дае, ды жыву. Заўжды спадзяюся на волю Бога, з самага нараджэння ён са мной у душы. Мой тата быў псаломшчык – рэгент царкоўнага хору. Мама таксама спявала ў царкоўным хоры, і я заўжды хадзіла ў царкву спяваць. Лічу, што малітвы, якія чытаю кожны дзень, дапамагаюць, надаюць жыццёвых сілаў.

А сілы Валянціне Бранкоўскай шмат разоў у жыцці былі вельмі патрэбныя. Слёзы засцілаюць яе вочы, калі ўспамінае пра самыя страшныя страты ў сваім жыцці: як не стала старэйшага сына, мужа, бацькоў, брата і сястры. Але жыццё працягваецца. Цяпер сэнс для яе – сын Васіль і яго сям’я.

Маладому пакаленню заўжды цікава, як жылі людзі раней, параўнаць з цяперашнім жыццём. Валянціна Васільеўна з ахвотай успамінае сваё дзяцінства:

– Нарадзілася я ў вёсцы Мілавіды тады Баранавіцкай вобласці. У сярэдзіне 30-х гадоў мы пераехалі ў Ахонава, бо тату назначылі сюды псаломшчыкам. Мама мая была настаўніцай, а родам яна аж з Варонежа. Тата там пазнаёміўся з ёй і прывёз у Беларусь. Помню, матуля расказвала, што яе бацька – мой дзядуля – быў святаром, ён надта ж не хацеў адпускаць сваю дачку ў іншую краіну. Перажываў вельмі, пэўна, ад гэтага не вытрымала і яго сэрца: гаворачы аднойчы пасля службы пропаведзь, ён упаў і памёр ад разрыву сэрца.

Закончыла я сем класаў, бо ў Ахонаве была толькі сямігодка, у Дзятлава ўжо не пайшла ў школу. Засталася дома, дапамагала бацькам па гаспадарцы. Аднойчы, калі жала, нагу сярпом так парэзала, што на ўсё жыццё рана засталася. Якраз была вайна, немцы забіралі моладзь у Германію, і мяне забралі б, каб не хворая нага. Памятаю, і другі раз забіралі, а мне жонка брата дала на рукі сваё дзіцятка-немаўля, немцы падумалі, што яно маё, гэта мяне выратавала, так засталася дома.

Увогуле, дзяцінства ў мяне было добрае, і юнацкія гады ўспамінаю з цеплынёю. Хоць і працавалі мы шмат, але і адпачываць умелі. На вячоркі хадзілі, танцавалі, спявалі.

З мужам пазнаёмілася тут, у Ахонаве. Ён сябраваў з маім братам, прыходзіў да нас у госці. Аднойчы на танцах запрасіў мяне патанцаваць, а потым і замуж паклікаў. Пражылі з мужам 57 гадоў разам, добра жылі.

Валянціна Васільеўна расказала, што некаторы час працавала настаўніцай малодшых класаў у вёсцы Панікарты, потым у Ахонаве. Завочна вучылася ў Навагрудку ў педвучылішчы, але, калі нарадзіла старэйшага сына, вучобу прыйшлося пакінуць. Затым да пенсіі працавала на ФАПе санітаркай.

Варта адзначыць, што ўсё жыццё Валянціну Бранкоўскую суправаджае песня: з дзяцінства яна спявала ў царкоўным хоры, а потым – у народным фальклорным калектыве вёскі Ахонава, які быў створаны ў 1986 годзе.

У першы склад фальклорнага гурта ўвайшлі адзінаццаць мясцовых жанчын, якія выдатна ведалі песенную традыцыю, манеру выканання песень у іх вёсцы, маглі ўсё гэта яскрава ўвасобіць. Сярод першых удзельніц калектыву была і Валянціна Васільеўна Бранкоўская.

Фальклорны калектыў вёскі Ахонава выступаў у многіх гарадах і мястэчках Беларусі, быў і з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых мерапрыемстваў. З удзелам мясцовых спявачак была нават запісана тэлеперадача “Запрашаем на вячоркі”. У рэпертуары калектыву – каля 60 аўтэнтычных песень: абрадавыя (калядныя, велікодныя, юр’евыя, купальскія), сямейна-бытавыя. Усе яны выконваюцца без музычнага суправаджэння ў мясцовай песеннай манеры. У 1995 годзе калектыву быў нададзены статус народнага.

Разам з Валянцінай Васільеўнай мы доўга разглядаем фотаальбом, у якім не толькі шмат фотаздымкаў з роднымі людзьмі, але і з удзельнікамі фальклорнага калектыву, якія таксама сталі ўжо ёй блізкімі. А напрыканцы нашай сустрэчы жанчына зазначыла, што песня заўжды падымае ёй настрой, сілы знаходзяцца далей жыць і ўсё рабіць.