20 Июн

Spread the love

Напярэдадні прафесійнага свята ‒ Дня медыка на пляцоўцы каля Дзятлаўскай ЦРБ прайшоў святочны канцэрт.

Дзень медыка ‒ гэта свята ўсіх тых, хто прысвяціў жыццё клопату пра жыццё і здароўе іншых людзей. Гэта магчымасць павіншаваць і падзякаваць тым, без каго немагчыма шчаслівае і мірнае жыццё, хто заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, пазбавіць ад болю, падтрымаць добрым словам.

Са словамі падзякі да калег звярнуўся галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух:

‒ Варта заўважыць, што сёння толькі некаторыя з нас могуць і бачыць, і чуць святочны канцэрт, бо шмат хто з медыкаў цяпер знаходзіцца на сваіх працоўных месцах у “бруднай” зоне. Тым не менш, я спадзяюся, што яны нас добра чуюць, бо словы падтрымкі і падзякі ў гэты няпросты час важныя для любога з медыкаў ‒ і асабліва для тых, хто знаходзіцца на перадавой, працуючы на ​​карысць грамадства і ратуючы жыцці іншых людзей.

Алег Іванавіч распавёў, што, акрамя музычнага падарунка напярэдадні Дня медыкаў работнікаў ЦРБ чакае і матэрыяльная ўзнагарода, а менавіта фінансавая падтрымка, і граматы раённага Савета дэпутатаў, і раённага выканаўчага камітэта. Яны будуць уручаны некалькі пазней.

Напрыканцы Алег Анцух пажадаў медыкам моцнага здароўя, цярпення і ўдачы. Ён выказаў надзею аб хуткім заканчэнні пандэміі і, як следства, магчымасці пагутарыць з калегамі ў больш утульнай абстаноўцы.

Святкаванне прадоўжылася музычнай паштоўкай у выкананні народнага ансамбля песні і музыкі “Ятранка”.