21 Май

Раённы фестываль фальклору 

«Вянок творчасці народнай» на Дзятлаўшчыне

        21 мая на летняй танцавальнай пляцоўцы Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці адбыўся раённы фестываль фальклору, які сабраў творчыя калектывы і выканаўцаў з усяго раёна.

Праграма фестываля пачалася з прэм’еры: работнікі культуры раёна падрыхтавалі масавы народны танец. Вядучыя праграмы Чэслаў Свіб і Людміла Баклушына прадставілі конкурсную камісію сёлетняга фестывалю. У яе склад увайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Шыцько, загадчыца аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнайтворчасці Марына Лукіянец, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Таццяна Янушкевіч, метадыст аддзела метадычнай работы Таццяна Дудкіна.

Першымі на фестывальную сцэну выйшлі прадстаўніцы Жукоўшчынскагадома культуры — народны фальклорны гурт вёскі Погіры. Жанчыны выканалі народныя песні і жарты сваёй мясцовасці.

Хвінявіцкі дом культуры дэлегаваў на фестываль гурток сцэнічнага майстэрства «Ліхтарык» і іх старэйшыя калегі па сцэне — фальклорны гурт «Сузор’е».

Данілавіцкі рэгіён прадставіў шматлікі і яркі мясцовы фальклорны гурт «Суседачкі», які парадаваў гледачоў песнямі і байкамі.

Аўтэнтычныя песні Дзятлаўшчыны прагучалі ў выкананні народных фальклорных гуртоў вёсак Ахонава і Студзераўшчыны.

Ад Наваельнянскага дома культуры на летняй сцэне выступілі фальклорны гурт, юныя салісткі вакальнага і гутарковага жанру.

Казлоўшчынкі фальклор прадставілі дзіцячыя калектывы і выканаўцы. Юныя артысты чыталі казку, танчылі «Кадрыль» і гулялі ў народную гульню «Явар».

Ксенія Лагута з Дварэцкага дома культуры артыстычна прачытала байку Кандрата Крапівы «Ехаў дзедка на кірмаш». Ігар Крывулька з Вензаўца пазнаёміў прысутных з прыгожай легендай пра вензавецкую царкву, а дзяўчаты з фальклорнага трыа Вензавецкага дома культуры выканалі народнуюпесню «Ой, там пад ганкам».

Пакуль кампетэнтная камісія раілася, народны тэатр гульні «Прымакі» па-за конкурсам зладзіў міні-канцэрт для гасцей фестывалю.

Па выніках конкурснай праграмы журы вызначыла лепшых выканаўцаў і калектывы.

У намінацыі «Аўтэнтычны фальклорны гурт» першае месца атрымаў народны фальклорны гурт вёскі Студзераўшчына, другое — народны фальклорны гурт вёскі Погіры, трэцяе —  народны фальклорны гурт вёскі Ахонава.

У намінацыі «Дзіцячы фальклорны гурток» пераможцам стаў Казлоўшчынскі фальклорны гурток. Лепшым дарослым фальклорным ансамблем стаў фальклорны гурт «Суседачкі» з Данілавічаў.

У намінацыі «Індывідуальныя выканаўцы народнай прозы» прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — Ніна Лашкоўская (Данілавічы), другое — Ксенія Лішык (Казлоўшчына), трэцяе — Ігар Крывулька (Вензавец) і Арына Кузьміч (Наваельня).

Лепшай сольнай выканаўцай песеннага фальклору журы прызнала Зінаіду Стэльмах з Ахонава.