24 Апр

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца акцыя, прымеркаваная да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці – “Нам яшчэ 75”.

У час абласнога мерапрыемства віншаванні і падарункі прымаюць равеснікі Прынёманскага краю, якія сёлета сустрэлі ці яшчэ сустрэнуць свой 75-гадовы юбілей.

На гэты раз калектыў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на чале з Ганнай Харлінскай накіраваўся ў Парэцкі сельскі савет. Тут да іх далучыліся прадстаўнікі сельскага выканаўчага камітэта, КСУП “Хвінявічы”, Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў.

– Сёння мы наведаем і павіншуем чатырох 75-гадовых юбіляраў, якія жывуць у аграгарадку Хвінявічы і вёсцы Парэчча, – расказаў старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка. Усе яны шаноўныя людзі і равеснікі Гродзенскай вобласці. Гэта Міхаіл Іванавіч Жолудзеў, Дамініка Валяр’янаўна Філідовіч, Лявон Бярнатавіч Жукель, Мікалай Пятровіч Шыпіла.
З песнямі, падарункамі, кветкамі, шчырымі словамі віншаванняў артысты сектара і госці завіталі да кожнага юбіляра. Зычылі здароўя, шчасця, дабрабыту, плёну ва ўсіх справах, актыўнага даўгалецця і абавязкова – сустрэць наступны юбілей Гродзеншчыны. Нездарма ж абласная акцыя сімвалічна называецца “Нам яшчэ 75”.