08 Окт

Дзятлаўшчыну наведала дэлегацыя Вышэйшай школы менеджменту “Арк” з горада Нэўшатэля Швейцарскай Канфедэрацыі.

Мэта візіту – наладзіць двухбаковыя сацыяльна-эканамічныя сувязі, падзяліцца вопытам, пацікавіцца работай прамысловых прадпрыемстваў, такіх як сыраробны завод, лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці гасцей хлебам-соллю, песняй сустрэў гурт “Ятранка”. Затым гасцей са Швейцарыі запрасілі на міні-экскурсіі па выставах установаў культуры.

Пра гісторыю Дзятлава, яго ўладальнікаў расказала супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык.

Зацікаўленасць выклікалі работы народных майстроў, якія прэзентавала супрацоўнік метадычнага аддзела Цэнтра культуры Марына Лукіянец. А гэта – вышыўка, лялькі-абярэгі, вязаныя кручком рэчы.

Выкладчыца Дзятлаўскай школы мастацтваў Людміла Раманава запрасіла швейцарцаў пабачыць дзіцячыя малюнкі. Тут ужо і перакладчык не патрэбен: дзеці на паперы расказалі пра свой горад, паказалі прыгажосць роднага краю.

Супрацоўнік Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка засяродзіла ўвагу на самаробных кнігах. Яны цікавыя тым, што маюць адмысловую аздобу і гэта сапраўдныя творы мастацтва.

Дзякуючы вандроўцы па выставе, госці са Швейцарыі атрымалі ўяўленне пра наш край, яго культуру, традыцыі і звычаі.