26 Авг

Пасёлак любы, сэрцу дарагі

Пад такой назвай 26 жніўня адбылося ваенна-спартыўнае свята ў пасёлку Гезгалы. Свята праводзілася ўпершыню. Запрашэнне на яго атрымалі ўсе, хто служыў і працаваў у колішнім ваенным гарадку. Прысутных павіталі старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык і старшыня мясцовай пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл Аляксандр Волкаў. Прысутным былі адрасаваны пажаданні  прыемна бавіць час, добра адпачыць.

— Сёння цяжка ўявіць, што 20 гадоў таму амаль увесь пасёлак насіў пагоны, — зазначыў Аляксандр Волкаў. – Але тут засталіся і жывуць ваенныя пенсіянеры. Радасна бачыць знаёмых былых вайскоўцаў, а засмучае тое, што з гадамі нас становіцца менш. Таму здароўя ўсім і дабра.

Больш за 30 гадоў гезгалаўскія ракетчыкі былі ў складзе войск стратэгічнага прызначэння. І менавіта тут адбылася адметная падзея: 27 лістапада 1996 года  былі вывезены апошнія балістычныя ракеты. Беларусь набыла статус без’ядзернай дзяржавы, стала першай у свеце краінай, якая адмовілася ад ядзернай зброі добраахвотна.

Да віншаванняў дадалі свае музычныя падарункі ўзорны ансамбль скрыпачоў “Зорачкі”,  танцавальная група і Наталля Капковіч.

Затым гасцей свята запрасілі паглядзець на паказальныя выступленні ратаўнікоў. Можна было пабачыць амуніцыю і прылады, якія выкарыстоўваюць работнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзятва імкнулася пасядзець за рулём пажарнай машыны, а бацькі – зрабіць пабольш фотаздымкаў. Асаблівае захапленне выклікалі ў гледачоў  “фантаны” і магутныя  струмені вады, падаваемай з устаноўкі. Сельская вясёлая эстафета “Адзін у полі не воін” прадоўжыла  святочную праграму. Камандам давялося прайсці выпрабаванні ў пяці конкурсах. На пачатку – сабрацца па баявой трывозе, а затым – пераадолець “балота”, падарваць танк, пахадзіць на “лыжах”. У апошнім жартоўным выпрабаванні – хуценька пацалаваць дзяўчыну. Музычную частку свята  склалі выступленні духавога аркестра з Наваельні і дзіцячая канцэртная праграма патрыятычнай песні “Няхай заўжды будзе сонца”. Аркестранты прапанавалі паслухаць вядомыя музычныя кампазіцыі, а юныя спевакі – песні ваенных гадоў  “Смуглянка”, “Кацюша”, песні пра Радзіму.

На гэтым мерапрыемства не закончылася. Жыхароў пасёлка і гасцей  запрасілі ў аддзел культуры і дасуга “Гезгалаўскі Дом культуры” на канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”.

На працягу свята працавалі гандлёвыя кропкі. Госці свята мелі магчымасць паспытаць салдацкую кашу. Для малечы працавалі атракцыёны. Прыватныя прадпрымальнікі гандлявалі папкорнам, цацкамі. Можна было пастраляць у ціры і зарабіць прыз.