15 Фев

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў урачысты канцэрт, прымеркаваны да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з тэрыторыі Афганістана.

Роўна 30 гадоў аддзяляюць нас ад таго памятнага дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана. Гэта вайна ў далёкай ад Беларусі краіне закранула многіх нашых суайчыннікаў, іх сем’яў, блізкіх, сяброў.


Ваенны камісар Дзятлаўскга раёна Генадзь Суравец у сваім выступленні нагадаў пра стойкасць і мужнасць салдат у той страшнай вайне: “Мы можам ганарыцца тымі, хто выканаў свой абавязак перад Радзімай. Для ўсіх нас Афганская вайна не проста гісторыя – гэта непраходзячы чалавечы боль. Выказваю ўсім ветэранам гэтай вайны найлепшыя пажаданні здароўя і шчасця, няхай мацнее баявое таварыства воінаў-афганцаў, памнажаюцца вашы добрыя справы на карысць Радзімы, няхай заўжды ў вашых дамах будуць мір і спакой”.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік падзякаваў воінам-інтэрнацыяналістам за тое, што яны не перастаюць служыць сваёй Айчыне і сёння, працуючы, удзельнічаючы ў патрыятычным выхаванні моладзі. Пажадаў ім доўгіх гадоў шчаслівага і мірнага жыцця, моцнага здароўя, аптымізму, поспехаў у справах і пачынаннях.

Ва ўрачыстай абстаноўцы юбілейнымі медалямі “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” былі ўзнагароджаны нашы землякі, якія выконвалі воінскі абавязак у Афганістане.
У памяці людской Афганская вайна будзе яшчэ доўга жыць, бо яе гісторыя напісана крывёю салдат і слязамі многіх маці. Данінай павагі да воінаў-інтэрнацыяналістаў, тых, хто загінуў, і тых, хто вярнуўся, але не дажыў да сённяшняга дня, стала хвіліна маўчання.


Як вядома, войны не заканчваюцца тым момантам, калі змаўкае зброя. Яны працягваюцца ў душах тых, хто ў іх удзельнічаў. І вайна на афганскай зямлі – не выключэнне. Сёння падзеі той вайны застаюцца ў памяці ў песнях, якія гучалі са сцэны ў выкананні дзятлаўскіх артыстаў.

Напрыканцы мерапрыемства вядучыя яшчэ раз пажадалі ўсім воінам-афганцам здароўя, міру, дабра, аптымізму, заставацца для ўсіх прыкладам стойкасці і жыццялюбства.