06 Мар

Spread the love

“Прысвячэнне жанчынам” – гэтай песняй у выкананні Уладзіміра Данільчыка распачалася канцэртная праграма да сакавіцкага свята — Дня жанчын.

Поўную залу раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці сабрала гэта мерапрыемства.

На пачатку ўрачыстасці прысутных у зале жанчын павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік. Ён, у прыватнасці зазначыў, што сённяшняе свята – даніна жанчыне, маці, працаўніцы, падзякаваў жанчынам за дабрыню, хатнюю ўтульнасць, пажадаў радасці, дабрабыту, і каб цяпло гэтага свята сагравала жанчын увесь год.

Аляксандр Міхайлавіч выканаў прыемную місію: уручыў ордэн Маці жыхарцы горада Дзятлава Аксане Вячаславаўне Катаржных. Жанчына нарадзіла і выхоўвае сямёра дзяцей – чатыры дзяўчынкі і трое хлопчыкаў. Трое дзетак наведваюць школу, рэшта – садок. Самаму меншаму Артуру – пяць месяцаў. Дапамагае жанчыне спраўляцца з клопатамі муж Андрэй і матуля Айна Міхайлаўна.

Шматдзетную маці ўшанавалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый – Беларускага саюза жанчын, “Белая Русь”, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Аксане Вячаславаўне ўручыл кветкі, падарункі.

Старшыня раённай арганізацыі БСЖ Алена Жадзейка павіншавала маці з дзяржаўнай узнагародай, пажадала ёй энергіі, здароўя, боскай дапамогі. Музычным падарункам стала песня “Аве Марыя” ў выкананні Тамары Ступак.

Букет кампліментаў, прызнанняў ад мужчын падрыхтавалі вядучыя канцэртнай праграмы Аляксандр Баклушын і Аляксандр Раеўскі. Да іх далучыліся спевакі і музыканты Сяргей Малышчык, Іван Кашко, Валерый Макарчык, Генадзь Суравец, Уладзімір Данільчык, Часлаў Свіб, Аляксандр Клімец.

Прыемным падарункам для Наталлі Паўлаўны Панасік стала падзячнае пісьмо ад камандзіра часці 33933, якое зачытаў ваенны камісар раёна Генадзь Суравец. У ім камандаванне дзякуе маці і бацьку Сяргея за выхаванне сына Яўгена, які служыць годна, адказна, паказвае прыклад у ваеннай падрыхтоўцы.

Вясноваю настрою, шчасця, удачы пажадаў прысутным у зале жанчынам старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык.

Прыемным дапаўненнем канцэртнай праграмы, якую склалі спевакі-мужчыны, стала выступленне вакальнай групы СШ № 3, танцавальнага калектыву “Дэнсінг Гайз”, а таксама цыркавой студыі “Марсі”.

Мяркуючы па водгуках, канцэртная праграма, падрыхтаваная моцнай паловай артыстаў Дзятлаўшчыны, спадабалася. Са сцэны артыстаў праводзілі дружнымі апладысментамі і святочным “залатым дажджом”.