11 Дек

На Дзятлаўшчыне стартавала акцыя «Нашы дзеці»

11 снежня 2017 года ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
Юных дзятлаўчан з пачаткам акцыі, якая заклікана дарыць радасць навагодніх святаў кожнаму дзіцяці, павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ігар Кухарэвіч і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Алена Жадзейка.
Ігар Кухарэвіч расказаў, што на працягу 22 гадоў (столькі разоў праходзіць дабрачынная рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці») у Беларусі шмат увагі надаецца падрастаючаму пакаленню. Акцыя будзе доўжыцца цэлы месяц. Запланаваны шмат мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі, раённых ранішнікаў. Ігар Станіслававіч пажадаў навучэнцам паспяхова закончыць чвэрць і прыняць актыўны ўдзел ва ўсіх святах.
Алена Жадзейка зазначыла, што прызначэнне жаночай арганізацыі закладзена ў словах «Мы жанчыны, а значыць адказныя за смех дзяцей і слёзы пажылых». Каб было як мага менш слёз у пажылых людзей, каб смяяліся дзеці ім трэба надаваць як мага больш увагі. Скарбонку добрых справаў раённая жаночая арганізацыя пачала папаўняць з удзелу ў акцыі «Воздух жизни» (пералічылі сродкі на закупку абсталявання для Гродзенскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі», дзе будуецца палата для тых, хто мае патрэбу ў апаратах штучнага дыхання).
На працягу акцыі «Нашы дзеці» ў цэнтры увагі дарослых — грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў — будуць дзеці, якія маюць патрэбу у асаблівым клопаце: інваліды, сіроты, дзеці з малазабяспечаных і няпоўных сем’яў.
У час урачыстага адкрыцця акцыі музычныя віншаванні і добры настрой юным гледачам дарылі трыо гімназіі №1 горада Дзятлава і Аксана Кашляк. Вядучая мерапрыемства Наталля Маліноўская расказала, якія прыемныя сюрпрызы чакаюць дзятлаўчан у час зімовых святаў, што для іх падрыхтавалі работнікі культуры. Дзеці змаглі пабачыць урывак з навагодняга музычнага інтэрактыўнага шоу з Машай і Мядзведзем «Але-оп у Новы год», якое адбудзецца 30 снежня.
Напрыканцы сустрэчы ўпершыню ў гэтым годзе на раённай сцэне з’явіліся добрыя чараўнікі Дзед Мароз і Снягурка. Яны паабяцалі юным жыхарам Дзятлаўшчыны шмат цікавых сустрэч і запрасілі прыняць актыўны ўдзел ва ўсіх навагодніх і калядных мерапрыемствах.