24 Ноя

“Місіс Дзятлаўшчыны-2018”

     Месяц трэніровак, рэпетыцый, фотасесій, падрыхтоўка касцюмаў – кругласутачная работа над сабой.

Праз усё гэта прайшлі ўдзельніцы конкурсу “Місіс Дзятлаўшчыны-2018”, які адбыўся 24 лістапада ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

За званне “Місіс Дзятлаўшчыны-2018” змагаліся пяць жанчын: Анастасія Голуб, Аксана Ярмаловіч, Наталля Новікава, Надзея Чэнтук, Людміла Адамчык. Кожная з іх, без перабольшання, заслугоўвае самых высокіх узнагародаў, кожная ўжо пераможца, бо перамагла сваю сарамлівасць, сціпласць, хваляванне, каб пакарыць і гледачоў, і журы.

У першым конкурсным заданні – дэфіле ў вобразах – канкурсанткі паказалі, наколькі яны прыгожыя, абаяльныя і па-свойму непаўторныя.

Сваё майстэрства ў якасці гаспадыняў яны прадэманстравалі ў кулінарным конкурсе “Гасцей сустракаем караваем”, на які прадставілі караваі, спечаныя дома.

На выдатна справіліся канкурсанткі і з дамашнім заданнем пры падрыхтоўцы прэзентацыі пра сябе. Анастасія Голуб паказала часцінку свайго жыцця – дружную сям’ю, траіх любімых дзетак, Аксана Ярмаловіч расказала пра сям’ю, работу і захапленні. Наталля Новікава паведала, што ў жыцці прытрымліваецц прынцыпаў Канфуцыя, для Надзеі Чэнтук у жыцці галоўнае – сямейныя каштоўнасці, а Людміла Адамчык расказала, як любіць марыць, казкі і марожанае.

У творчым конкурсе членам журы таксама няпроста было вызначыцца з пераможцай. Удзельніцы прыгожа танцавалі і спявалі, а таксама паказвалі артыстызм у гумарыстычных сцэнках.

Даказалі, што яны не толькі прыгожыя, але і разумныя, удзельніцы ў інтэлектуальным конкурсе. Што для жанчыны галоўнае ў жыцці, што можа зрабіць яе па-сапраўднаму шчаслівай, якімі ўнутранымі дадзенымі павінна валодаць, у які момант жыцця хацела б вярнуцца і якія тры жаданні загадаць – вось пытанні, на якія адказвалі канкурсанткі.

Усім гасцям мерапрыемства ў гэты дзень прадаставілася магчымасць вярнуцца ў сваё дзяцінства і ўбачыць любімых герояў казак, а заадно даведацца, якія казкі любяць дзеці канкурсантак, бо яны ўдзельнічалі разам з мамамі ў фінальным дэфіле. Анастасія Голуб са сваімі дзецьмі Каралінай і Дэвідам палюбілі казку “Прыгоды Бураціна, або Залаты ключык”, Аксана Ярмаловіч са сваёй дачушкай былі гераінямі казкі “Прынцэса Анастасія”, Наталля Новікава і яе ўжо дарослая дачка здзейснілі падарожжа ў казку “Папялушка”, Надзея Чэнтук з хроснай дачушкай пабылі пад чарамі Снежнай Каралевы, а Людміла Адамчык з дочкамі – героі казкі “Царэўна-Лягушка”.

Варта адзначыць, што на працягу ўсяго мерапрыемства, у перапынках паміж конкурсамі, свае вясёлыя песні і выступленні дарылі гледачам тленавітыя артысты Дзятлаўшчыны – Максім Юганаў, Анастасія Максіменка, Валерый Макарчык, Наталля Бузук, цыркавая студыя “Марсі”, Ала Чарняўская, якая, дарэчы, з’яўлялася галоўным рэжысёрам-пастаноўшчыкам конкурсу.

Нарэшце, члены журы падвялі вынікі і выйшлі на сцэну, каб павіншаваць пераможцаў і ўручыць прыемныя падарункі. Так, Місіс глядацкіх сімпатый стала Анастасія Голуб, Місіс індывідуальнасць і Місіс фота – Аксана Ярмаловіч, Місіс абаянне – Наталля Новікава. У тройку пераможцаў увайшлі: другая віцэ-місіс – Надзея Чэнтук, першая віцэ-місіс – Людміла Адамчык, уладальніцай тытула Місіс Дзятлаўшчыны-2018 стала Анастасія Голуб. Самы галоўна для яе прыз – карону ўручыла Краса Дзятлаўшчыны-2017 Ангеліна Дулебянец. Таксама ад аднаго са спонсараў конкурсу – індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Князева – пераможца атрымала падарункавы сертыфікат на набыццё брэндавага абутку, ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” на чале з Ігарам Кухарэвічам – сертыфікат на наведванне аквапарка “Лебяжий”.