11 Окт

Spread the love

11 кастрычніка ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт “Мама – анёл-ахоўнік мой”, прымеркаваны да Дня маці.

Самыя цёплыя, шчырыя, добрыя словы віншаванняў і пажаданняў у гэты дзень гучалі для матуляў нашага раёна.

Першым жанчын Дзятлаўшчыны павітаў са сцэны старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік:

– Прыміце самыя сардэчныя віншаванні з Днём маці. Гэты дзень – даніна вялікай ўдзячнасці самым родным і блізкім людзям на зямлі – нашым матулям. Кожны з нас захоўвае ў сваёй душы ўспаміны аб цёплых руках, ласкавых вачах сваёй мамы – адзінага на свеце чалавека, які нас заўсёды памятае, любіць і чакае.

У вашых руках – будучыня нашай краіны, нашай нацыі. Толькі ў шчаслівых сем’ях вырастуць мудрыя і любячыя людзі, дзякуючы якім свет стане больш бяспечным.

У святочнай зале – мамы з усяго нашага раёна. Яны займаюць розныя пасады, працуюць у розных сферах. Мы ганарымся вамі: выконваючы мацярынскі абавязак, вы актыўна ўдзельнічаеце ў грамадскім жыцці, добрасумленна працуеце, дасягаеце поспехаў у розных галінах дзейнасці. Таму кожная з вас дастойна самых цудоўных і цёплых словаў. Сямейнага вам дабрабыту, міру, дабра, няхай родныя атуляюць вас клопатам, дзеці – радуюць талентамі і поспехамі, жаданні – заўжды ажыццяўляюцца.

Падарункі і кветкі ад працоўных калектываў, віншаванні – ад усяго раёна ў гэты дзень атрымалі шматдзетныя матулі Дзятлаўшчыны, якіх запрасілі на сцэну. Гэта Кацярына Лішык, Вольга Паўлоўская, Алена Мацюк, Людміла Сцяцко, Вольга Барук, Лілія Барысевіч, Вольга Макарчык, Анастасія Кастусік, Ірына Журская, Таццяна Карабецкая, Наталля Хаванская.

Словы шчырай ўдзячнасці прагучалі для жанчын, якія знайшлі ў сабе дастаткова цеплыні і любові, каб выхоўваць дзяцей, якія з-за жыццёвых абставінаў засталіся без цеплыні роднай маці. Яны таксама атрымалі кветкі і падарункі ад працоўных калектываў. Гэта Таццяна Сянчурына, Ганна Андрукевіч, Наталля Сіняк, Людміла Хоміч, Алена Кіслая, Наталля Цішкевіч, Іна Санюк.

Простыя ісціны, якія дапамагаюць нам жыць, любіць, быць запатрабаванымі, прагучалі ў віншаванні ганаровай старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Галіны Чура.

Музычныя і танцавальныя падарункі для матуляў Дзятлаўшчыны падрыхтавалі артысты нашага раёна.

Ірына СТЫРНІК