14 Июн

16 чэрвеня медыцынскія работнікі будуць адзначаць сваё прафесійнае свята, а напярэдадні яго ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці з гэтай нагоды ладзіўся святочны канцэрт.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі павіншаваў медыкаў са святам. Ён пажадаў людзям у белых халатах моцнага здароўя, бадзёрасці духа, шчасця ў жыцці, падзякаваў за нялёгкую працу, за тое, што яны часам робяць немагчымае, суперажываюць чужы боль, бяруць на сябе адказнасць за жыццё пацыентаў. На ўрачыстасці прысутнічала памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Міхневіча Тамара Шавель, якая ад яго імя выказала словы падзякі медыцынскім работнікам і перадала памятны падарунак. Многа цёплых слоў сваім калегам прагучала і ад галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Марыі Максімовіч. У ходзе ўрачыстасці медыцынскім работнікам Дзятлаўскага раёна былі ўручаны граматы і падзячныя лісты. Не абышлі ўвагай і ветэранаў аховы здароўя, якім у гэтым годзе, як і Гродзенскай вобласці, спаўняецца 75 гадоў: І. Ляўшук, Н. Баравік, А. Ляўкевіч, С. Міклаш, Я. Казлоўская. У гэты дзень святочны настрой гасцям свята дарылі мясцовыя артысты, а сапраўдным сюрпрызам для прысутных стала выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, вакальнай групы “Чысты голас”.