15 Окт

                     “Казлоўшчынскія прысмакі”

         У суботу, 15 кастрычніка Казлоўшчынскі сельвыканкам і работнікі культуры раёна зладзілі раённае свята «Казлоўшчынскія прысмакі» у гарпасёлку Казлоўшчына.

       Сельгаспрадукцыю – зерне, бульбу, капусту, моркву, буракі, цыбулю, насенне алейнай рэдзькі – прывезлі на кірмаш бліжэйшыя да гарпасёлка СВК “Слава працы”, “Вензавец”, “Войневічы”, а таксама прадпрымальнікі з Дзятлаўскага, Зэльвенскага, Слонімскага раёнаў. Мясную прадукцыю прапаноўвалі, у прыватнасці, Дзятлаўскае райспажыўтаварыства, гандляры з Зэльвенскага раёна.

     У цэнтры гарпасёлка выставілі свае прылаўкі народныя ўмельцы-майстры з Дзятлаўскага, Шчучынскага, Навагрудскага раёнаў, з горада Гродна. Такім чынам атрымалася мастацка-гаспадарчая выстава-продаж.
А як людзі пераважна закупіліся капустай ды іншай агароднінай, зернем, насеннем, “Несцерка” (Юрый Вярстак) з “суседкамі” “Агатай” (Наталляй Маліноўскай) і “Ганнай” (Анастасіяй Голуб) паклікалі іх да сцэны ў асеннім скверы. Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама В. Бялятка і старшыня мясцовага СВК “Слава працы”А. Ільюхін на правах гаспадароў павіталі гасцей, падзякавалі ўдзельнікам кірмашу-свята, выказалі ўсім прысутным добрыя пажаданні. “Несцерка” з дачкою Юляй, а потым з “суседкамі” “Агатай” ды “Ганнай” зладзілі касцюміраваную імпрэзу. Затым камедыянты паклікалі да ўдзелу ў канцэрце народны тэатр-студыю “Прымакі” і народны ансамбль музыкі і спеваў “Ятранка”. Ігралі і спявалі артысты бадзёра, вясёла – самі саграваліся ў гэты пахмурны з пранізлівым халодным ветрам дзень і публіку стараліся разагрэць. Разагрэву дапамагалі зладаваныя таксама работнікамі культуры стол-дэгустацыя беларускіх страваў, якому далі назву “Парады бабулі – майстэрства ўнукаў” і кастровая юшка. Юшку, па ўсім было відаць, гатаваў калектыў аўтараў пад кіраўніцтвам, сказалі, Ірыны Бакшук.

        Пакуль палалі дровы ў кастры і выварваліся ў бульёне карасі (ці яшчэ якая самая смачная на такім холадзе рыба), арганізатары сельскай спартландыі паклікалі каманды на старт. Спаборнічалі заўзята. А перамог у “Вясёлых стартах” зладжаны калектыў СВК “Войневічы” (Дзмітрый Бяляўскі, Вольга Лахач, Ульяна Пракапчук, Сяргей Сушко, Яўген Кулеш). Як на маю думку, паспрыяў ім вопыт: хлопцы і дзяўчаты не першы раз паспяхова ўдзельнічаюць у падобных стартах. Гаспадарская каманда (СВК “Слава працы”) гасцінна саступіла другое месца дэбютанту сельскай спартландыі – камандзе жылкамунгаса і замкнула тройку прызёраў. Старшыня журы В. Шыцько пры ўзнагароджанні спартландцаў усцешана адзначыў: усе – з прызамі!