21 Фев

Канцэрт «Стражи Родины моей»

У аграгарадку Гезгалы прайшла святочная  праграма, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны і 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Не толькі віншаванні, але і ўзнагароды прымалі ў гэты вечар ветэраны былога Гезгалаўскага гарнізона. Госці свята –ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Аляксандр Камароў, намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Валянцін Абухаў, старшыня Жукоўшчынскага сельскага савета Валерый Верамейчык – уручалі Ганаровыя граматы былым вайскоўцам.Таксама жадалі вайсковаму братэрству Гезгалаў здароўя, удачы, аптымізму, цеплыні і спакою ў сем’ях, мірнага неба, дачакацца і адсвяткаваць 150-годдзе Узброеных Сіл.

Старшыня савета ветэранаў былога Гезгалаўскага гарнізона Аляксандр Волкаў узгадаў гісторыю ваеннага гарадка,ракетных комплексаў, якія былі яго візітоўкай, стварэння ветэранскай арганізацыі. Для прысутных у зале падрыхтавалі відэаўспамін: на экранеадзін за другім змяняліся чорна-белыя фотаздымкі, з якіх усміхаюцца яшчэ маладыя ваеннаслужачыя гарнізона, і каляровыя сённяшнія, дзе яны ж, толькі крыху з сівізной на скронях.

– Віншую вас са святам! Хай растуць здаровыя дзеці і ўнукі, якія памятаюць і нясуць у будучыню памяць аб тым, як служылі іхбацькі і дзяды, – пажадаў Аляксандр Волкаў.

Шэрагі ветэранаў былога Гезгалаўскага гарнізона радзеюць. Памяць пра тых, хто ўжо назаўсёды пакінуў строй, ушанавалі на мерапрыемстве хвілінай маўчання.

Традыцыйным падарункам для прысутных стаў выдатны канцэрт, падрыхтаваны работнікамі Гезгалаўскага дома культуры з удзелам навучэнцаў Гезгалаўскай сярэдняй школы і мясцовага філіяла школы мастацтваў.

Фінальным акордам свята стаў феерверк.