30 Ноя

У прасторным фае Новаяльнянскага дома культуры светла і ўтульна.

Толькі заходзіш – позірк прыцягваюць некалькі дзясяткаў карцін на сцяне. Гэта экспазіцыя работ жыхара пасёлка і таленавітага мастака-самародка Анатоля Кардаша, які працуе ў тэхніцы беларускага імпрэсіянізму. Яго пейзажы вабяць яркімі сакавітымі фарбамі, мілымі сэрцу краявідамі розных куточкаў Беларусі, сярод якіх калі-нікалі “закрадваецца” марская тэма. Не дзіўна: у свой час Анатоль Аляксандравіч служыў на флоце, пабыў у многіх краінах свету. Наогул, ён цікавы і таленавіты чалавек з багатай скарбонкай вопыту і захапленняў. Радуе, што менавіта ён стаў кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Эпатажны блюз”, якое нядаўна адкрылася на базе Новаяльнянскага дома культуры. Цяпер у наведвальнікаў аб’яднання ёсць выдатная магчымасць з лёгкай рукі Анатоля Кардаша асвоіць лячэбную гімнастыку цыгун, якую кітайцы называюць “сродкам ад ста хваробаў” і навучыцца бальным танцам.

– Але чаму “Эпатажны блюз”? – цікаўлюся ў Анатоля Аляксандравіча.

– Такая назва – плод калектыўнай творчасці работнікаў Дома культуры і наведвальнікаў аб’яднання. Калі людзі ўпершыню прыйшлі да нас, пачалі займацца, яны не чакалі нічога падобнага. Мяркую, цыгун іх уразіў, таму “эпатажны”. А “блюз” – гэта музычная імправізацыя, спакойная, мерная кампазіцыя, якая адлюстроўвае характар нашых заняткаў.

– Як узнікла ідэя стварыць аб’яднанне? – звяртаюся да загадчыцы Новаяльнянскага дома культуры Галіны Сушко.

– Яна нарадзілася даўно. Мы планавалі адкрыць аб’яднанне для пажылых людзей, але ў нас не было кіраўніка, ідэйнага лідара, які ўвасобіў бы ў жыццё самыя смелыя задумкі. Пашчасціла, што на прапанову адгукнуўся Анатоль Аляксандравіч. Ён чалавек творчы, да яго цягнуцца жыхары пасёлка. Заняткі ўжо наведваюць два дзясяткі жанчын. Сустракаюцца па чацвяргах і нядзелях. Хочацца, каб і мужчыны да іх далучаліся. Не будзем супраць, калі пачне прыходзіць моладзь.

– Анатоль Аляксандравіч, чаму выбралі цыгун?

– Гадоў дзесяць назад, калі яшчэ не жыў у Наваельні, вырашыў для сябе, што на пенсіі буду папулярызаваць цыгун і Тай Цзы Цюань. Гэта ўсходнія практыкі, якімі я займаўся на працягу жыцця. Яны з’яўляюцца адначасова і лячэбнай гімнастыкай, і баявым мастацтвам, нават філасофіяй. Паказваю людзям тое, што выпрабаваў на сабе, бачыў на іншых, у эфектыўнасці чаго пераканаўся. Калі займацца рэгулярна, чалавек становіцца больш спакойным, ураўнаважаным. Кітайцы, карэйцы, японцы збіраюцца для калектыўных заняткаў на плошчах, думаю, многія бачылі гэта па тэлевізары. Практыкі скіраваны на павышэнне энергетычнага забеспячэння арганізму, умацаванне імунітэту – адпаведна прыносяць карысць здароўю.

Другі накірунак, які актыўна асвойваем з удзельнікамі аб’яднання, – бальныя і народныя танцы: полька, кракавяк, сіртакі, сальса, вальс.

– Новаяльнянцы ўпадабалі такое баўленне вольнага часу?

– Вынік ёсць, людзі ўсміхаюцца, яны задаволены. Але хочацца, каб жадаючых падняцца з канапы, адкінуць тэлефоны і прыйсці да нас было значна больш. З сабой неабходна захапіць зручнае адзенне і добры настрой. Месца ў зале хопіць, часу таксама. Яшчэ мы плануем вывучаць асновы здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання, даведацца аб метафізічных прычынах узнікнення хваробаў, праводзіць тэматычныя вечарыны, цікавыя гутаркі на розныя тэмы, урокі жывапісу, майстар-класы, вечары паэзіі. Ідэяў вельмі шмат, але ўсе сакрэты раскрываць пакуль не збіраюся.

Заняткі ў “Эпатажным блюзе” стартавалі ў пачатку кастрычніка, і ў пастаянных наведвальніц аб’яднання па інтарэсах ужо склалася пэўнае меркаванне аб карысці падобных сустрэч. Жанчыны з задавальненнем падзяліліся сваімі думкамі на гэты конт.

Ірына Рабушка:

– Тэхнікай цыгун займаюся больш за 15 гадоў. Яна мне дапамагла вылечыць пазваночнік, бо раней я не магла хадзіць. Спачатку вывучала цыгун з дапамогай часопіса “Целитель” і інтэрнэта, займалася дома. Адчула, што ўсходнія тэхнікі працуюць някепска, цыгун сапраўды лечыць і не прымушае напружвацца. Цяпер хаджу на заняткі да Анатоля Аляксандравіча. Выдатна, што знайшоўся такі ініцыятыўны чалавек. Займацца ў камандзе лепш: весялей і ёсць з кім параіцца. Новае аб’яднанне па інтарэсах стала для мяне сапраўднай аддушынай, магчымасцю для “жывых” стасункаў.

Алена Халадкова:

– Безумоўна, мне тут падабаецца. Па-першае можна паразмаўляць на розныя тэмы, па-другое паправіць здароўе. На кожнай сустрэчы нам цікава. Анатоль Аляксандравіч вельмі пазітыўны і ўважлівы чалавек, ён шмат ведае, пра многае нам расказвае. Хаджу на заняткі рэгулярна і ўжо адчуваю станоўчыя змены ў арганізме: з’явілася бадзёрасць, палепшыўся настрой, жыць стала лягчэй. Кампанія ў нас сабралася выдатная, тут весела. Заклікаю іншых жыхароў пасёлка далучацца да нас – не пашкадуеце.