21 Окт

Фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». Свята заклікае!

— Выдатна, што сёння мы сабраліся на свята. У вас, паважаныя дарослыя, шмат неадменных справаў, але давайце забудзем пра іх і разам з дзецьмі, роднымі, блізкімі і сябрамі адпачнем на славу. Сёння ў нашым горадзе ўпершыню стартуе фестываль умення, майстэрства, узаемаразумення і радасці, фестываль сямейнага адпачынку — «Зецельскі фэст», — з такімі словамі, адкрываючы свята, да жыхароў і гасцей горада звярнуліся вядучыя Валерый Макарчык і Наталля Маліноўская.Нягледзячы на капрызы надвор’я на плошчы 17 Верасня, дзе стартавала свята, сабралася шмат людзей. Пад крыламі стракатых парасонаў яны пахаваліся ад дажджу і актыўна, хто на тэлефон, хто на фатаапарат здымалі пачатак дзеі і проста назіралі, падтрымлівалі артыстаў шчырымі ўсмешкамі.Вясёлым танцам з мяккімі цацкамі ў руках гледачоў павіталі самыя юныя ўдзельнікі святочнай праграмы.
Вядучыя расказалі прысутным, дзе ў горадзе знаходзяцца пляцоўкі фестывалю, якія конкурсы і забавы чакаюць сем’і, дзе можна зарабіць бонусы, з дапамогай якіх самыя актыўныя сем’і стануць пераможцамі і атрымаюць прызы. Вынікі будуць падведзены на плошчы ў 15 гадзін, а пакуль — свята заклікае!Абапал галоўнай сцэны фестывалю размясціліся шэсць пляцовак брэндавых мерапрыемстваў праекта «Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім». Ідэі гэтага праекта лаканічна «ўпісаліся» ў свята сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». На пляцоўках можна было пазмагацца за бонусы.

Святы хлеба і вышыванкі прадстаўляла Наваельня. Гаспадары пляцоўкі заклікалі гасцей паўдзельнічаць у конкурсах «Лыжкі», «Трапны стралок», «Вясёлыя луньцікі», «Снапок».

Паколькі КСУП «Русь-Агра» і аграгарадок Раклевічы ладзілі Свята мёду, то менавіта гэты карысны прадукт у шырокім асартыменце яны прадставілі на сваёй пляцоўцы. Удзельнікам фестывалю тут прапанавалі вясёлы конкурс «Злаві блінок». Зрабіць гэта трэба было ротам, без дапамогі рук. Вельмі няпроста ў такім конкурсе зарабляць бонусы. Паспрабуйце.

Свята яблыкаў — брэнд Жукоўшчыны. На гэтай пляцоўцы і гандлявалі, і частавалі, і, вядома, бонусы лепшым давалі.

Аграгарадок Дварэц вядомы Святам лёну. На пляцоўцы Дварца сем’ям прапаноўвалі заматацца ў ільняныя паяскі, хто хутчэй, таму — бонус.

Не так даўно Свята гарбуза праходзіла ў Казлоўшчыне. А цяпер частка казлоўшчынскага аранжавага ўраджаю прыехала на дзятлаўскі фэст. На пляцоўцы актыўна гандлююць сваім таварам, лепшым пакупнікам — бонусы.
З ААТ «Граніт-Агра» да нас завітала царыца палёў — кукуруза. Работнікі Данілавіцкага дома культуры вырашылі парадаваць сем’і інтэлектуальным конкурсам «Што вы ведаеце пра кукурузу?». Самым дасведчаным наконт гэтай цудоўнай культуры давалі бонусы.