10 Фев

Spread the love

У першай дзятлаўскай школе з ініцыятывы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці адбылося мерапрыемства, якое па праву можна назваць “сустрэча пакаленняў”.

У госці да школьнікаў завіталі ўдзельнікі народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” пад кіраўніцтвам Таццяны Шостка. Школьнікам і іх педагогам калектыў прапанаваў невялікую канцэртную праграму, якую склалі патрыятычныя і лірычныя песні.

У выкананні жаночай і мужчынскай груп хору прагучалі  песні “Майскі парад”, “Радзіма”, “Эх, не пылі, дарога”, “Добры дзень, вёска”, “Няма калі жыць”.

Сцішана слухалі хлопчыкі і дзяўчынкі песню, якую спяваў Валерый Герасіменка,  “О героях былых времён”.

А калі вядучая мерапрыемства Ала Чарняўская папрасіла школьнікаў расказаць пра сваіх дзядуляў і прадзядуляў, якім давялося зведаць ліхалецце, то  ў зале паднялося шмат рук: дзеці ведаюць пра сваіх продкаў, ганарацца сваім радаводам.

Нікога не пакінуў раўнадушным “Майскі вальс” у выкананні саліста хору ветэранаў Сяргея Малышчыка. Пад гукі вальса закружыліся пары ветэранаў, а школьнікі віталі іх апладысментамі.

Затым надышла чарга школьнікаў расказаць пра свае поспехі, паказаць свае творчыя здольнасці.

На сцэну школьнай актавай залы выйшлі валанцёры атрада “Цяпло душы”. Яны расказалі, чым заняты атрад, запрасілі паглядзець слайды, на якіх занатаваны канкрэтныя справы, якімі займаюцца вучні першай дзятлаўскай школы. Іх тэатральным сцэнкам і песенным нумарам апладзіравалі прадстаўнікі старэйшага пакалення – ветэраны.

А завяршылася мерапрыемства агульным фотаздымкам, дзе побач — прадстаўнікі розных пакаленняў, але яднае іх памяць пра мінулае і ўдзячнасць тым, хто даў нашчадкам мірнае жыццё.