16 Апр

                                    Абрад «Вялікдзень»

Работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і ўдзельнікі дзіцячага клуба аматараў беларускай народнай творчасці «Святліца» ўзгадалі традыцыю абыходу двароў на першы дзень Вялікадня, якая яшчэ зусім нядаўна бытавала паўсюдна ў беларускіх вёсках і мястэчках.

У галоўнае хрысціянскае свята года валачобнікі наведалі гаспадароў у Дзятлаве і Міроўшчыне. Дзеці разам з дарослымі спявалі традыцыйныя беларускія народныя велікодныя песні, чыталі тэматычныя вершы. У дамах, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты, абавязкова выконвалі «Паненачку» для будучай маладой, паўтараючы спрадвечны беларускі велікодны абрад.

У святочным шэсці ўзялі ўдзел Ганна Харлінская, Марына Варган, Ірына Бакшук, Уладзіслаў Ракуць (група падтрымкі ад раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці), а таксама юныя сястрычкі Ганна і Аляксандра Губко, Ганна Варган. Гаспадары гасцінна сустракалі валачобнікаў, з прыемнасцю ўзгадвалі традыцыйны абрад і стараліся шчодра аддзячыць за творчасць юных і дарослых артыстаў.