11 Мар

11.03.18 г. у вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна ў рамках этна-праекта «Народнаму скарбу-век векаваць» пройшоў абрад «Гуканне вясны». Дзяўчынкі з дзiцячага фальклорнага  гуртка «Званочкі» Дома фальклора в. Студзераўшчына ДУК «Дзятлаўскi РЦКiНТ»  з прыгожымі саламянымі пташачкамі, вербнымі галінкамі ішлі па вёсцы і запрашалі людзей на ўзгорак-гукаць вясну. На ўзгорку ўпрыгожвалі дрэўца каляровымі стужкамі і печанымі пташкамі, прасілі дазволу і благаслаўлення ў людзей гукаць вясну. Але перш, чым вясну гукаць, трэба зямліцу-матухну пачаставаць. У зямлю закопвалі саганчык з кашаю і гаварылі абрадавыя словы. Затым клікалі вясну, усхвалялі сонейка, падкідалі ў неба жаваранкаў. Зялёныя галінкі вярбы раздавалі людзям, каб птушкі іх убачылі і хутчэй прыляцелі. Затым вясну затанцоўвалі ў карагодзе. Дзяўчаткі беглі скочвацца з гары, каб спіна цэлы год не балела, а затым гушкаліся на арэлях і выказвалі свае пажаданні.Чым вышэй арэлі ўзляталі, тым хутчэй здзейсніцца пажаданне.