29 Июл

У нядзелю 29 ліпеня сапраўдныя пчаляры і проста аматары салодкага сабраліся ў аграгарадку Раклевічы на Свята мёду, якое другі год запар праходзіць тут у рамках раённага праекту “Дбайных людзей славім – весела час бавім”.

Для гасцей мерапрыемства працавала выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, маленькія наведвальнікі свята ацанілі надзіманыя горкі і батут, паласаваліся папкорнам і салодкай ватай.У час адкрыцця Свята мёду прысутных павітаў старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі:– Варта зазначыць, што “салодкае свята” ладзіцца ў Раклевічах нездарма: КСУП “Русь-Агра” шмат гадоў займаецца пчалярствам, у гаспадарцы – каля 70 пчоласем’яў, якія штогод прыносяць звыш 700 кілаграмаў мёду. Што тычыцца Дзятлаўскага сельсавета, то тут жывуць 12 пчаляроў, якія трымаюць 89 пчоласем’яў. На гэтым свяце вы зможаце даведацца больш пра мёд і пчолаў. Спадзяюся, гэта паспрыяе далейшаму развіццю пчалярства на Дзятлаўшчыне.Аповед пра ўнікальныя ўласцівасці мёду прадоўжыла вядучая мерапрыемства Наталля Нагорная. Яна расказала, што на тэрыторыі КСУП “Русь-Агра” ў вёсцы Сілівонкі ёсць свая пасека. Там жывуць 52 пчаліныя сям’і, за якімі сочыць пчаляр Уладзімір Санюкевіч. Гаспадарка выкатвае мёд розных відаў – ліпавы, малінавы, грэчкавы, рознатраўны.Скарыстаўшыся ўрачыстай абстандўкай свята, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Русь-Агра” Вадзім Царык уручыў Падзячныя пісьмы і падарункі лепшым работнікам гаспадаркі.Пасля выступлення самадзейных артыстаў, Ірына Цяцерына запрасіла на сцэну каманды КСУПаў. На гэты раз іх чакала не традыцыйная вясёлая эстафета, а музычны конкурс “Угадай мелодзію”. Удзел у музычных баталіях прымалі пяць каманд – КСУП “Русь-Агра”, КСУП “Белагурна”, КСУП “Дварэц-Агра”, ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”. Яны годна справіліся з прапанаванымі выпрабаваннямі – адгадвалі мелодыі і самі спявалі песні, тэксты якіх выцягнулі ў час жараб’ёўкі. На працягу ўсёй гульні самыя высокія здольнасці да адгадвання мелодый дэманстравала каманда КСУП “Белагурна”, “на ўра” ў яе ўдзельнікаў атрымаўся і музычны нумар, таму журы прысудзіла белагурнаўцам галоўную ўзнагароду свята. Другое месца заняла каманда КСУП “Жукоўшчына”. Замкнулі тройку лідараў гаспадары пляцоўкі – каманда КСУП “Русь-Агра”. Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія прызы – скрыначкі з духмяным мёдам.Радасць, бадзёрасць і выдатны настрой ўдзельнікам свята дарылі артысты Гродзенскай абласной філармоніі. Сваёй невычэрпнай энергіяй здзіўляў гледачоў вядомы ў нашай краіне і за яе межамі віртуоз ігры на балалайцы Аляксандр Варанішча. Пры падтрымцы самых адважных удзельнікаў свята Аляксандр наладзіў цэлае танцавальнае шоу. Асабліва стараліся маленькія танцоры. Раклевічы ў час Свята мёду гулі, як вулей.