У Казлоўшчыне – свята пасёлка

На пляцоўцы побач з абноўленым Домам культуры адбылося штогадовае свята “Каб памяталі” да 77-й гадавіны вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Для гасцей мерапрыемства ладзілася канцэртная праграма, працавалі тэматычныя пляцоўкі і атракцыёны.

Традыцыйна святкаванне пачалося з тэатралізаванага экскурсу ў гісторыю, у час якога ўзгадалі ахвяраў і герояў самай страшнай у гісторыі нашага народа Вялікай Айчыннай вайны. Сорак тры мясцовыя жыхары засталіся назаўжды на палях бітваў. А тыя, хто вярнуўся дадому з фронту, аднаўлялі жыццё на мірнай зямлі. Сярод іх – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Васільевіч Шалесны, які сёння жыве ў вёсцы Лозкі мясцовага сельсавета.

Дзень пасёлка Казлоўшчына – гэта не толькі памяць аб мінулым, але і адкрыты погляд у будучыню. З асаблівымі словамі прывітання і ўдзячнасці за нераўнадушша, ініцыятыўнасць і гаспадарлівасць у Год народнага адзінства да землякоў звярнуўся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка:

 

– Няхай сённяшняе свята стане яркай, запамінальнай падзеяй і паслужыць новым імпульсам для  натхнёнай працы на карысць пасёлка, усіх яго жыхароў. Няхай наша Казлоўшчына заўжды будзе квітнеючай і прыгожай, а жыццё кожнай сям’і – шчаслівым і заможным.

Вадзім Аляксандравіч адзначыў вялікі ўклад, які зрабілі ў добраўпарадкаванне пасёлка раённыя ўлады, мясцовыя прадпрыемствы і самі пасялкоўцы.

 

 

Старшыня сельвыканкама ўручыў узнагароды лепшым работнікам пасёлка. Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны кабельшчык-спайшчык Дзятлаўскага ўчастка электрасувязі Алег Жамойдзік, намеснік дырэктара ТАА “АРСлигнария” Ігар Леашкевіч, культарганізатар Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага інтэрната для састарэлых і інвалідаў Людміла Маер, выхавальніца Казлоўшчынскага ясляў-сада Ала Рэгіневіч, прадавец Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Наталля Сачэнка, сацыяльны работнік Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Леанарда Сабалеўская. Падзячнымі лістамі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў за ўдзел у грамадскім жыцці і шматгадовую сумленную працу ўзнагароджаны пенсіянер Уладзімір Грышук, трактарыст ДРБУ № 119 Віктар Туровіч.

 

 

 

 

 

Сёлета пасялковая Дошка гонару папоўнілася новымі імёнамі – памочніка ляснічага Казлоўшчынскага лясніцтва Уладзіміра Ганчарука, слесара Казлоўшчынскага ўчастка Дзятлаўскага РУП ЖКГ Аляксандра Ерамейчыка, вадзіцеля аўтамабіля Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” Валянціна Макарчыка, вадзіцеля аўтамабіля Дзятлаўскага ПМС Аляксандра Карнеліка, брыгадзіра МТФ “Нянадавічы” ТАА “РОДАНАГРА” Пятра Бараноўскага, рэнтгенлабаранта Казлоўшчынскай гарадской бальніцы Ганны Шапель.

 

 

 

 

 

 

 

З пасялковай сцэны гучалі віншаванні на адрас васьмідзесяці-, сямідзесяці- і шасцідзесяцігадовых юбіляраў, на якіх багаты 2021 год, а таксама – самых пажылых і юных жыхароў пасёлка.

Словы ўдзячнасці і пажаданні моцнага здароўя вядучыя адрасавалі самым вядомым блогерам Казлоўшчыны Яўгену і Ларысе Горбачам. Яны беражліва захоўваюць у сваім інтэрнэт-рэсурсе жывую гісторыю пасёлка і яго жыхароў.

Лепшыя песні гасцям свята дарылі артысты Дзятлаўшчыны Ганна Харлінская, Алеся Варабей, Ала Чарняўская, Вольга Іода, Часлаў Свіб, Людміла Маер, Марына Міхалоўская.

 

 

Пасялковае свята наведаў са сваёй шоу-праграмай артыст беларускай эстрады Сяргей Славянскі. Прыехаў у Казлоўшчыну з добрымі песнямі, цікавымі конкурсамі і падарункамі.

У мясцовым парку, непадалёк ад канцэртнай пляцоўкі, разгарэлася сапраўдная баталія – шахматны турнір пакаленняў паміж гульцамі са Слоніма і Дзятлава. У супрацьстаянні раёнаў з лікам 3:2 мацнейшай аказалася Дзятлаўшчына. Прызавыя месцы ў персанальным заліку размеркаваліся наступным чынам: бронза – Уладзімір Літвін (горад Слонім), серабро – у Андрэя Лявончыка, а золата ва Уладзіміра Зайцава з горада Дзятлава.

Для аматараў паходнага адпачынку з талеркай салдацкай кашы Дзятлаўскім ПМС і лясгасам былі створаны тэматычныя “зямлянкі”. Таксама на свяце пасёлка было досыць завабаў на любы густ.

 

Дзеці, моладзь і нават дарослыя змаглі адчуць сябе супрацоўнікамі дзяржаўнай аховы, прымерыўшы спецыяльную амуніцыю, ад душы пакатацца на разнастайных атракцыёнах або набыць сувеніры. Знайшлося нямала аматараў пешых прагулак на прыродзе.

Бурныя эмоцыі ў дзяцей выклікала паказальнае выступленне ратаўнікоў. Тое, што трэба ў такую спёку!

Свята пасёлка Казлоўшчына “Каб памяталі” прадоўжылася фестывалем фарбаў і летняй дыскатэкай.

Рекомендованные статьи

Belarusian BE English EN Russian RU