Зажынкі ў ААТ «Граніт-Агра»

З бадзёрым і баявым настроем адсвяткавалі Зажынкі 12 ліпеня ў ААТ «Граніт-Агра». На святочным мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнік і вядучыя спецыялісты гаспадаркі, камбайнеры, вадзіцелі, работнікі збожжасушыльных комплексаў, работнікі Данілавіцкага сельвыканкама, святары праваслаўнага і каталіцкага духавенства.
Адкрылі свята першага снапа гаспадыні-вядучыя, якія павіншавалі працаўнікоў хлебнай нівы з пачаткам збору новага ўраджаю, пажадалі ўсім добрай і плённай працы, моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, зладжанасці ў рабоце, цёплых сонечных дзён і бадзёрага настрою. З пачаткам уборачнай кампаніі павіншаваў работнікаў гаспадаркі кіраўнік ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур. Ён нагадаў, колькі рэсурсаў і намаганняў было ўкладзена на кожным з этапаў палявых работ і выказаў упэўненасць у тым, што калектыў, безумоўна, справіцца з пастаўленымі задачамі, а з’яднаная калектыўная праца  механізатараў і вадзіцеляў дапаможа выканаць гэтыя задачы своечасова. Да працаўнікоў хлебнай нівы са словамі пажаданняў звярнуліся галоўны аграном сельгаспрадпрыемства  Юрый Бортнік і галоўны інжынер Андрэй Падліпскі. Павіншавала з пачаткам жніва работнікаў ААТ “Граніт-Агра” старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых.
 Па ўжо гадамі існуючай традыцыі  гаспадару свята Станіславу Мазуру  ўручылі сноп, які ён імкнуўся падняць так высока, каб  усе паспелі загадаць некалькі жаданняў: каб жніво прайшло без страт, каб тэхніка не псавалася, каб Бог даў здароўе ўсім удзельнікам жніва.
У час святочнага мерапрыемства хлебам частавалі і ўдзельнікаў свята. Са словамі благаславення звярнуліся да працаўнікоў хлебнай нівы і святары. Яны благаславілі вяскоўцаў на пачатак добрай справы і акрапілі святой вадой  камбайнераў, тэхніку і хлебныя нівы. Для працаўнікоў жніва з сольнымі кампазіцыямі выступілі артысты Данілавіцкага дома культуры.
Ледзь адгучалі апошнія словы пажаданняў і вясёлых песень, як загрукаталі магутныя маторы збожжаўборачных машын.
Дырэктару ААТ “Граніт-Агра” Станіславу Мазуру, як гаспадару свята, надалося права адправіць першыя камбайны ў поле.
Зажынкі – гэта не проста прыгожае славянскае свята, якое сваімі каранямі адыходзіць у глыб стагоддзяў, гэта свайго роду стартавая пляцоўка перад важкай працай па атрыманні каравая новага ўраджаю. Свята прайшло ў цёплай атмасферы, весела і бадзёра, з танцамі, спевамі і добрымі пажаданнямі на добрае жніво. Нездарма ў народзе кажуць: “Якімі былі Зажынкі, такім будзе і ўраджай”.

Рекомендованные статьи

Belarusian BE English EN Russian RU